Да Каласянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Паўла, з волі Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат,
 
Павал, воляй Божаю Апостал Езуса Хрыстуса, і Тыматэй —

тым святым і веруючым братам у Хрысце, што ў Калосах: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
 
сьвятым у Калёссах і верным братом у Хрыстусе: ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.

Дзякуем Богу Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас
 
Заўсёды молячыся за вас, мы дзякуем Богу й Айцу Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага,

і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Ісуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых,
 
пачуўшы аб веры вашай у Хрыстуса Езуса, ды аб любасьці аб усіх сьвятых,

дзеля надзеі, якая прыгатавана для вас у небе, аб якой чулі вы раней у слове праўды Евангелля,
 
дзеля надзеі, чакаючай вас у нябёсах, аб якой чулі ў навучанні Эванэліі праўды,

якая дайшла да вас, як і па ўсім свеце разышлася, і дае плады, і расце, як і ў вас ад таго дня, у які вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе,
 
што дайшла да вас і, як у ва ўсім сьвеце, пладавіта ўзрастае з таго дня, як пачулі й пазналі ласку Божую ў праўдзе,

як вы і навучыліся ад Эпафраса, супрацоўніка нашага найдаражэйшага, вернага для вас паслугача Хрыста,
 
ад навучаўшага Эпафра, любага супрацоўніка нашага, а для вас вернага слугу Хрыстусавага.

які таксама паведаміў нам пра вашу любоў у Духу.
 
Ён і выявіў нам любасьць вашую ў духу.

Таму і мы ад таго дня, у які гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць, каб вы напоўніліся пазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і духоўным разуменні
 
Таму мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць, каб вы дайшлі да поўнага пазнання Божае волі ў ва ўсякай мудрасьці й духовым разуменні;

і каб жылі вы дастойна Госпада, ва ўсім падабаючыся Яму, прыносячы плод у кожным добрым дзеянні і ўзрастаючы ў пазнанні Бога,
 
каб паступаць вам спосабам дастойным Бога, у ва ўсім Яму дагаджаючы, прыносячы плод у кажным добрым дзеле ды ўзрастаючы ў спазнанні Бога;

дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасці славы Яго ва ўсякай цярплівасці і велікадушнасці, з радасцю,
 
дужэючы ўсесілаю магуцтва славы Ягонай ва ўсякай цярплівасьці й пагоднай радасьці,

дзякуючы Айцу, Які ўчыніў нас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе святых у свеце,
 
дзякуючы Айцу з радассьцяй, што паклікаў вас да удзелу ў сьветлай спадчыне сьвятых,

Які вырваў нас з улады цемры і перанёс у Валадарства Сына ўлюбёнага Свайго,
 
што вызваліў нас ад улады цемры й перанёс у валадарства наймілейшага свайго Сына,

у Якім атрымалі мы адкупленне праз кроў Яго і дараванне грахоў,
 
ў якім маем адкупленне ягонай крывёю і грахоў дараванне.

Які ёсць вобраз нябачнага Бога, Першынец усяго стварэння,
 
Ён ёсьць вобразам нявідомага Бога, першародны ўсякага стварэння;

бо Ім заснавана ўсё, што ёсць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валадарствы, ці начальствы, ці ўлады. Усё праз Яго і для Яго створана,
 
у Ім бо створана ўсё на небе й на зямлі, бачнае й нябачнае: ці то троны, ці дзяржавы, ці то валадарствы, ці ўлады, — усё Ім і для Яго ўтворана;

і Ён ёсць перад усім, і ўсё ў Ім заключаецца.
 
Ён ёсьць першы за ўсё і ўсё ў Ім трывае.

І Ён — Галава цела Царквы; Ён — Пачатак, Першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён трымаў першынство,
 
Ён такжа галава цела, Эклезіі, Ён першародны з мяртвых, так, каб у ва ўсём Яму быць першым,

бо спадабалася, каб у Ім прабывала ўсякая паўната,
 
Айцу бо даўспадобна было, каб у Ім прабывала ўсякая поўня,

каб праз Яго ўсё пагадзіць з Сабою, ці што на зямлі, ці што ў нябёсах ёсць, робячы супакой Крывёю крыжа Яго.
 
ды каб празь Яго ўсё міжсобку пагадзіць на зямлі й на небе, ўціхамірыўшы крывёю ягонага крыжа.

І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі праз схільнасць да ліхіх учынкаў,
 
Дый вас самых, што калісь чужымі й варожымі былі праз думкі й нахілы да благіх учынкаў,

цяпер пагадзіў у целе смерцю цела Свайго, каб паставіць вас перад Сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі,
 
прыяднаў цяпер у целе сьмерцю свайго Цела, каб зрабіць вас сьвятымі й беззаганнымі перад Сабою;

калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Евангелля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму стварэнню, якое пад небам, якога я, Паўла, стаўся паслугачом.
 
Толькіж трымайцеся ў веры цьвёрда і стала, не слабнучы ў надзеі Эванэліі, апавяшчэнне якое ўсякаму стварэнню пад небам вы чулі. Ейнаю то я, Павал, стаўся слугою.

Цяпер радуюся я з цярпенняў маіх за вас і дапаўняю тое, чаго нестае з пакут Хрыстовых, у сваім целе за Цела Яго, якім ёсць Царква,
 
Цяпер вось радуюся ў муках за вас і дапаўняю ва ўласным цее тое, чаго шчэ не хапае з Хрыстусавай журбы аб Ягоным целе, гэта знача Эклезіі,

якой я стаўся слугой за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае,
 
якое стаўся я слугою з Божага даручэння поўніць сярод вас Божае слова,

таямніцу, схаваную ад вякоў і пакаленняў, а цяпер выяўленую Яго святым,
 
тайніцу укрытую ад вякоў і ад родаў, цяпержа выяўленую сьвятым Ягоным,

якім захацеў Бог выявіць, якое багацце славы гэтай таямніцы сярод паганаў. Гэта ёсць Хрыстос у вас, надзея хвалы.
 
якім воліў Бог аказаць як вялікім ёсьць сярод паганаў багацьце хвалы у гэнай тайніцы, што ёсьць у вас Хрыстус, надзея славы.

Яго абвяшчаем мы, выяўляючы кожнаму чалавеку ва ўсякай мудрасці, каб прадставіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце Ісусе.
 
Яго мы прапаведуем, настаўляючы кажнага чалавека і вучачы ўсякае мудрасьці, каб зрабіць дасканалым у Хрыстусе.

Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся пры Яго садзеянні, якім Ён ува мне дзейнічае магутна.
 
Над гэтым я і працую, змагаючыся Ягонай сілай, якая дзее ў ва мне магутна.