1 да Цімафея 1 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Паўла, Апостал Ісуса Хрыста, па загадзе Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, нашай надзеі,
 
Павал, Апостал Езуса Хрыстуса з загаду Бога Збавіцеля нашага і Ўсеспадара Езуса Хрыстуса, надзеі нашай,

Цімафею, сапраўднаму сыну ў веры: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца нашага і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 
Тыматэю, праўдзіваму сыну ў веры: ласка, міласэрдзе і спакой ад Бога Айца й Хрыстуса Езуса, Усеспадара нашага.

Я, ідучы ў Мацэдонію, прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб загадаў некаторым не вучыць іншаму,
 
Я прасіў цябе, адыйходзячы ў Македонію, каб застаўся ў Эфэзе і запавясьціў іншым: не выглашаць інакшаў навукі

а таксама не займацца байкамі і радаводамі бясконца, якія выклікаюць больш спрэчак, чым настаўлення Божага ў веры.
 
ды не займацца басьнямі, ці бясконцымі радаводамі, даводзячымі больш да спрэчак, чымся Божага збудаваньня ў веры.

Мэтай жа прыказання ёсць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумлення, і няўяўнай веры,
 
Мэтай бо навучаньня ёсьць любасьць з добрага сэрца й чыстага сумленьня ды шчырай веры;

адвярнуўшыся ад чаго, некаторыя звярнуліся да пустаслоўя,
 
ад гэтага адступіўшы, некаторыя аддаліся пустаслоўю,

хочучы быць настаўнікамі закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.
 
жадаючы стацца вучыцелямі закону, а не разумеючы ні таго, што гавораць, ні таго, што ўпорыста пацьвярджаюць.

Ведаем, што закон добры, калі ім хто законна карыстаецца,
 
А мы-ж знаем, што закон ёсьць добры, калі хто законна карыстаецца ім,

ведаючы, што закон устаноўлены не для справядлівага, але для несправядлівых і непаслухмяных, бязбожных і грэшнікаў, разбэшчаных і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,
 
ведаючы тое, што закон ня ёсьць устаноўлены для праведніка, але для бунтарнае погані, для бязбожных і грэшнікаў, разбэшчаных і аганьбеных, бацькабойцаў, для душагубаў,

для распуснікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, брахуноў, крывапрысяжнікаў і супраць усяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы,
 
блудадзееў, мужаложцаў, людаграбежнікаў, лгуноў, вераломных, ды для ўсяго іншага, праціўнага здароваму вучэньню,

паводле Евангелля славы дабраславёнага Бога, якое мне даручана.
 
водле паверанай мне Эванэліі хвалы Бога дабраслаўлёнага.

Дзякую Таму, Хто мяне ўзмацняе, Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, бо Ён палічыў мяне верным, ставячы на служэнне,
 
Дзякую падмацаваўшаму мяне Хрысту Езусу, Усеспадару нашаму, што прызнаў мяне верным, паставіўшы на служэньне,

мяне, які раней блюзніў, пераследаваў і ачарняў, але памілаваны, бо дзейнічаў па несвядомасці і з нявер’я.
 
мяне, які раней і зьневажаў, і прасьледаваў, і крыўдзіў, аднак памілаваны, бо так паступаў празь няведаньне й няверу.

Ласка ж Госпада нашага вылілася шчодра з вераю і любоўю, якая ў Ісусе Хрысце.
 
Ласка-ж Госпада нашага ў-ва мне памножылася разам зь вераю і любасьцю ў Хрыстусе Езусе.

Вернае слова і вартае ўсякага прыняцця: Хрыстос Ісус прыйшоў на свет, каб збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы,
 
Праўдзівае слова гэтае і ўсякага прыняцьця вартае, што Хрыстус Езус прыйшоў на гэты сьвет збавіць грэшнікаў міжякімі я першы.

але памілаваны дзеля таго, каб ува мне першым выявіў Хрыстос Ісус усю доўгацярплівасць на паказ тым, што павераць Яму на жыццё вечнае.
 
Але дзеля таго я й памілаваны, каб Езус Хрыстус у-ва мне першым паказаў усю цярплівасьць у прыклад тым, якіе ўвераць у Яго дзеля жыцьця вечнага.

Валадару ж бессмяротнаму вякоў, нябачнаму, адзінаму, мудраму Богу ўшанаванне і слава на векі вечныя. Амін.
 
Усеваладару-ж вякоў несьмяротнаму, нявідомаму, адзінаму Богу чэсьць і хвала на вякі вякоў. Амэн.

Гэты загад даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты вёў разам з імі добрае змаганне,
 
Гэты вось запавет давяраю табе, сын мой Тыматэй, водле былых аб табе запавесьцяў, каб ты, згодна зь імі, ваяваў як добры ваяк,

маючы веру і чыстае сумленне, якое страціўшы, некаторыя адступіліся ад веры,
 
маючы веру й добрае сумленьне, якое адкінуўшы, некаторые заняпалі ў веры;

з якіх Гіменэй і Аляксандра, якіх я аддаў шатану, каб навучыліся не блюзніць.
 
між імі Гымэнэй і Аляксандар, якіх я аддаў шатану, каб адвыклі ад богазьнявагі.