1 да Цімафея 1 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Паўла, Апостал Ісуса Хрыста, па загадзе Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, нашай надзеі,
 
Павал, апостал Ісуса Хрыста, наказам Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае,

Цімафею, сапраўднаму сыну ў веры: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца нашага і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 
Цімафею, шчыраму сыну ў веры: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

Я, ідучы ў Мацэдонію, прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб загадаў некаторым не вучыць іншаму,
 
Адыходзячы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфэсе, і ўмаўляць некаторых, каб яны ня вучылі іншаму

а таксама не займацца байкамі і радаводамі бясконца, якія выклікаюць больш спрэчак, чым настаўлення Божага ў веры.
 
і не займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія спараджаюць болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры.

Мэтай жа прыказання ёсць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумлення, і няўяўнай веры,
 
А мэта ўмаўленьня ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумленьня і некрывадушнай веры,

адвярнуўшыся ад чаго, некаторыя звярнуліся да пустаслоўя,
 
адступіўшыся ад чаго, некаторыя ўхіліліся ў пустаслоўе,

хочучы быць настаўнікамі закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.
 
хочучы быць настаўнікамі закона, але не разумеючы ні таго, пра што гавораць, ні таго, што сьцьвярджаюць.

Ведаем, што закон добры, калі ім хто законна карыстаецца,
 
А мы ведаем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,

ведаючы, што закон устаноўлены не для справядлівага, але для несправядлівых і непаслухмяных, бязбожных і грэшнікаў, разбэшчаных і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,
 
ведаючы, што закон пакладзены ня праведніку, а беззаконным і непакорлівым, бязбожным і грэшным, распусным і апаганеным, паглумнікам бацькі і маці, душагубам,

для распуснікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, брахуноў, крывапрысяжнікаў і супраць усяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы,
 
блудадзеям, мужаложцам (чалавеказьдзірцам, паклёпнікам, скаталожцам), хлусам, крывапрысяжцам, і ўсяму, што супроць здаровага вучэньня,

паводле Евангелля славы дабраславёнага Бога, якое мне даручана.
 
згодна са слаўным Дабравесьцем дабрашчаснага Бога, якое мне даверана.

Дзякую Таму, Хто мяне ўзмацняе, Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, бо Ён палічыў мяне верным, ставячы на служэнне,
 
Дзякую Таму, Хто даў мне сілу, Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, што Ён прызнаў мяне верным, прызначыўшы на служэньне,

мяне, які раней блюзніў, пераследаваў і ачарняў, але памілаваны, бо дзейнічаў па несвядомасці і з нявер’я.
 
мяне, які раней быў кляцьбіт і ганіцель і крыўдзіцель, але памілаваны, бо рабіў так ад няведаньня, у няверстве;

Ласка ж Госпада нашага вылілася шчодра з вераю і любоўю, якая ў Ісусе Хрысце.
 
а мілата Госпада нашага (Ісуса Хрыста) выявілася ўва мне багата зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.

Вернае слова і вартае ўсякага прыняцця: Хрыстос Ісус прыйшоў на свет, каб збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы,
 
Слушнае і ўсякага прыняцьця вартае слова, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет уратаваць грэшнікаў, сярод якіх я першы.

але памілаваны дзеля таго, каб ува мне першым выявіў Хрыстос Ісус усю доўгацярплівасць на паказ тым, што павераць Яму на жыццё вечнае.
 
Але на тое я і памілаваны, каб Ісус Хрыстос ува мне першым паказаў усю доўгую цярплівасьць, у прыклад тым, якія будуць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.

Валадару ж бессмяротнаму вякоў, нябачнаму, адзінаму, мудраму Богу ўшанаванне і слава на векі вечныя. Амін.
 
А Цару жыцьця нятленнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу гонар і слава на векі вякоў. Амін.

Гэты загад даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты вёў разам з імі добрае змаганне,
 
Давяраю табе, сыне мой Цімафею, згодна з ранейшымі пра цябе прароцтвамі, такі наказ, каб ты змагаўся згодна зь імі як добры воін,

маючы веру і чыстае сумленне, якое страціўшы, некаторыя адступіліся ад веры,
 
маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя адпалі ад веры;

з якіх Гіменэй і Аляксандра, якіх я аддаў шатану, каб навучыліся не блюзніць.
 
такія Іменей і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб яны навучыліся ня блюзьнерыць.