Сафона 1 разьдзел

Кніга прарока Сафона
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Слова Госпада, сказанае Сафоніі, сыну Кусі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у днях Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага.
 
Слова Гасподняе, якое было Сафону, сыну Хусіі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у дні Ісаі, сына Амонавага, сына Юдавага.

«Усё вынішчу да рэшты з паверхні зямлі, — кажа Госпад, —
 
Усё зьнішчу з аблічча зямлі, — кажа Гасподзь:

знішчу людзей і жывёлу, знішчу птушак паднебных і рыб марскіх. І загінуць бязбожнікі, і знішчу людзей з аблічча зямлі, — кажа Госпад.
 
зьнішчу людзей і быдла, зьнішчу птушак нябесных і рыб марскіх, і спакусы разам зь бязбожнымі; зьнішчу людзей з улоньня зямлі, кажа Гасподзь.

І падыму руку Сваю супраць Юды і супраць усіх жыхароў Ерузаліма; і вынішчу з гэтага месца астаткі Баала, і імёны храмавых служкаў разам са святарамі,
 
І працягну руку Маю на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма: зьнішчу зь месца гэтага рэшткі Ваала, імя жрацоў са сьвятарамі,

і тых, якія пакланяюцца войску нябеснаму на дахах, і тых, якія схіляюцца і прысягаюць Госпадам і прысягаюць Мількомам,
 
і тых, якія на дахах пакланяюцца воінству нябеснаму, і тых паклонцаў, якія запрысягаюцца Госпадам і запрысягаюцца царом сваім,

і тых, якія адварочваюцца ад Госпада, і тых, якія не шукаюць Госпада і не пытаюцца пра Яго».
 
і тых, якія адступіліся ад Госпада, ня шукалі Госпада і ня пыталіся пра Яго.

Змоўкніце перад абліччам Госпада Бога, бо блізка дзень Госпада; бо Госпад прыгатаваў ахвяру, асвяціў Сваіх пакліканых.
 
Змоўкні перад абліччам Госпада! бо блізкі дзень Госпада: ужо падрыхтаваў Гасподзь ахвярны закол, назначыў, каго паклікаць.

І станецца ў дзень ахвяры Госпадавай: «Я спашлю пакаранне на князёў і на сыноў царскіх, і на ўсіх, якія апранаюцца ў чужаземнае адзенне;
 
І будзе ў дзень ахвяры Гасподняй: Я наведаю князёў і сыноў цара і ўсіх, хто апранаецца ў вопратку іншапляменцаў;

і ў той дзень пакараю кожнага, хто пыхліва пераскоквае праз парог і хто напаўняе дом гаспадара свайго злачыннасцю і падманам.
 
наведаю ў той дзень усіх, якія пераскокваюць цераз парог, якія дом Госпада свайго напаўняюць гвалтам і ашуканствам.

І будзе ў той дзень, — кажа Госпад, — гоман ад брамы Рыбнай і галашэнне ад Новага горада, і вялікае разбурэнне з боку ўзгоркаў.
 
І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, лямант каля брамаў рыбных і галашэньне каля іншых брамаў і вялікае разбурэньне на пагорках.

Галасіце, жыхары Пілі, бо выбіты быў увесь народ ханаанскі, знішчаны былі ўсе, апранутыя ў срэбра.
 
Галасеце, жыхары ніжняга горада, бо зьнікне ўвесь гандлёвы люд, і вынішчаны будуць абцяжаныя срэбрам.

І будзе ў той час: Я з паходнямі абшукаю Ерузалім і пакараю людзей, якія сядзяць у брудзе сваім і кажуць у сэрцах сваіх: “Не зробіць Госпад добрага, не зробіць і благога”.
 
І будзе ў той час: Я са сьвяцільняю агледжу Ерусалім і пакараю тых, якія сядзяць на дрожджах сваіх і кажуць у сэрцы сваім: «ня робіць Гасподзь ні дабра ні ліха», —

І стане маёмасць іх здабычай, і дамы іх — пустыняй; і пабудуюць яны дамы — і жыць у іх не будуць, і завядуць вінаграднікі — і піць віна з іх не будуць».
 
і абернуцца багацьці іхнія здабычаю і дамы іхнія — запусьценьнем: яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць; насадзяць вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмуць.

Блізка вялікі дзень Госпадаў, блізка і вельмі скора прыйдзе; голас дня Госпада жудасны; ад яго перапалохаецца адважны.
 
Блізкі вялікі дзень Госпада, блізкі — і вельмі сьпяшаецца: ужо чуцен голас дня Гасподняга. Горка заенчыць тады і самы адважны!

Дзень той будзе днём гневу, днём трывогі і прыгнёту, днём спусташэння і разбурэння, днём цемры і змроку, днём хмары і буры,
 
Дзень гневу — дзень гэты, дзень скрухі і ўціску, дзень спусташэньня і плягі, дзень цемры і змроку, дзень воблака і мглы,

днём трубы і крыку ваеннага супраць гарадоў умацаваных і супраць вежаў высокіх.
 
дзень трубы і ваяўнічага крыку супроць умацаваных гарадоў і высокіх вежаў.

«І буду Я мучыць людзей, і будуць яны хадзіць, як сляпыя, бо зграшылі супраць Госпада; і будзе размецена кроў іх, як пыл, і цела іх — як гной».
 
І Я ўцісну людзей, і яны будуць хадзіць, як сьляпыя, бо яны зграшылі супроць Госпада, і раскідана будзе кроў іхняя, як тло, і плоць іхняя — як памёт.

Ані срэбра іх, ані золата іх не зможа вызваліць іх у дзень гневу Госпадавага; агонь руплівасці Яго спаліць усю зямлю, бо даканае Ён знішчэнне, знішчэнне раптоўнае ўсіх жыхароў зямлі.
 
Ні срэбра іхняе, ні золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень Госпада, і агнём палкасьці Ягонай зжэртая будзе ўся гэта зямля, бо вынішчэньне, раптоўнае, зьдзейсьніць Ён над усімі жыхарамі зямлі.