3 Яна 1 разьдзел
Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Старэйшы — дарагому Гаю, якога я люблю ў праўдзе.
Старац — любаснаму Гаію, якога я ў ісьціне люблю.
Улюбёны, малюся, каб ты быў спраўны і здаровы так, як спраўная душа твая.
Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.
Вельмі ўзрадаваўся я з прыбыцця братоў, якія засведчылі праўду тваю ды як ты жывеш у праўдзе.
Бо я вельмі ўсьцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю вернасьць, як ты ходзіш у ісьціне.
Для мяне няма большай радасці, як пачуць, што дзеці мае жывуць у праўдзе.
Няма мне большае радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у ісьціне.
Улюбёны, верна робіш, калі рупішся дзеля братоў і дзеля падарожных,
Любасны! ты як верны дзееш у тым, што робіш братам і вандроўнікам;
якія аддалі сведчанне тваёй любові перад царквою. Ты добра зробіш, калі выправіш іх у дарогу, як годна перад Богам.
яны засьведчылі перад царквою пра любоў тваю; ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як яно трэба дзеля Бога,
Бо выправіліся яны ў дарогу ў імя [Яго], не прымаючы нічога ад паганаў.
бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад язычнікаў.
Таму мусім гасцінна прымаць такіх, каб быць саўдзельнікамі праўды.
Дык вось павінны мы прымаць іх такіх, каб зрабіцца спрыяльнікамі ісьціне.
Я напісаў для царквы, але той, які хоча мець першынство сярод іх, Дыятрэф, не прызнае нас.
Я пісаў быў царкве; але Дыятрэф, які любіць быць першым у іх, ня прымае нас.
Таму вось, калі прыбуду, нагадаю пра яго ўчынкі, што ён робіць, плявузгаючы на нас ліхімі словамі; і быццам яму яшчэ гэтага не хапае, сам не прымае братоў і тым, якія прымаюць, перашкаджае і выганяе з царквы.
Таму, калі я прыйду, дык узгадаю ўчынкі, якія ён робіць, ганячы словамі ліхімі нас, і, не задавальняючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і забараняе тым, што жадаюць прымаць, і выганяе іх з царквы.
Улюбёны, не наследуй ліхому, але таму, што добрае. Хто добрае робіць, ёсць ад Бога, а хто робіць благое, той не бачыў Бога.
Любасны! не ўпадабняйся ліхому, а добраму. Хто робіць дабро, той Божы; а хто робіць ліха, ня бачыў Бога.
Пра Дэметра ўсе добра сведчаць, і нават сама праўда; і мы таксама сведчым, і ты ведаеш, што сведчанне наша праўдзівае.
Пра Дзімітрыя засьведчылі ўсе і сама ісьціна; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае ў ісьціне.
Шмат я меў напісаць, але не хачу пісаць табе чарнілам і пяром;
Многае меўся я напісаць; ды не хачу пісаць табе чарнілам і трысьцінкаю,
спадзяюся, што хутка цябе ўбачу і тады пагаворым з вуснаў у вусны.
спадзяюся ж бо неўзабаве пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.
Супакой табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай сяброў пайменна. Амін.
Мір табе! вітаюць цябе сябры; павітай сяброў паіменна. Амін.