3 Яна 1 разьдзел
Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Старшы — улюбленаму Гаю, каторага я люблю запраўды.
Старац — любаснаму Гаію, якога я ў ісьціне люблю.
Умілаваны! Малюся, каб ты быў здароў і пасьпяваў ува ўсім, як пасьпявае душа твая.
Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.
Бо я дужа ўце́шыўся, калі прыйшлі браты і засьве́дчылі тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе.
Бо я вельмі ўсьцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю вернасьць, як ты ходзіш у ісьціне.
Для мяне́ няма большай радасьці, як чуць, што дзе́ці мае́ ходзяць у праўдзе.
Няма мне большае радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у ісьціне.
Улюблены! ты робіш ве́рнае, што робіш для братоў і для чужакоў,
Любасны! ты як верны дзееш у тым, што робіш братам і вандроўнікам;
якія засьве́дчылі перад царквою тваю любоў; ты добра зробіш, калі адправіш іх, як трэба дзеля Бога,
яны засьведчылі перад царквою пра любоў тваю; ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як яно трэба дзеля Бога,
бо яны дзеля іме́ньня Яго пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад паганаў.
бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад язычнікаў.
Дык мы павінны прымаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе.
Дык вось павінны мы прымаць іх такіх, каб зрабіцца спрыяльнікамі ісьціне.
Я напісаў царкве́; але Дыатрэф, што любіць у іх старшынстваваць, ня прымае нас.
Я пісаў быў царкве; але Дыятрэф, які любіць быць першым у іх, ня прымае нас.
Дзеля гэтага, калі я прыду, то напомню пра ўчынкі, якія ён робіць, абмаўляючы нас благімі словамі; і, не здаволіваючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і не дае хочучым ды выганяе з царквы.
Таму, калі я прыйду, дык узгадаю ўчынкі, якія ён робіць, ганячы словамі ліхімі нас, і, не задавальняючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і забараняе тым, што жадаюць прымаць, і выганяе іх з царквы.
Улюблены! не патурай ліху, але дабру. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць зло, ня бачыў Бога.
Любасны! не ўпадабняйся ліхому, а добраму. Хто робіць дабро, той Божы; а хто робіць ліха, ня бачыў Бога.
Пра Зьмітра засьве́дчана ўсімі і самой праўдаю; сьве́дчым таксама і мы, і вы ве́даеце, што пасьве́дчаньне нашае праўдзівае.
Пра Дзімітрыя засьведчылі ўсе і сама ісьціна; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае ў ісьціне.
Шмат ме́ў я пісаць; але не хачу пісаць да цябе́ чарніламі і трысьцінай,
Многае меўся я напісаць; ды не хачу пісаць табе чарнілам і трысьцінкаю,
але спадзяюся борзда пабачыць цябе́ і пагутарыць вуснамі ў вусны.
спадзяюся ж бо неўзабаве пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.
Мір табе́! Вітаюць цябе́ сябры; прывітай сяброў паіме́нна.
Мір табе! вітаюць цябе сябры; павітай сяброў паіменна. Амін.