Яна 1 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
На пача́тку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.
Яно было ў Бога спрадве́ку.
Яно было на пачатку ў Бога:
Усё праз Яго ста́лася, і без Яго нічога ня было з таго, што ста́лася.
усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць.
У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятло́м для людзе́й.
У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.
І сьвятло́ ў це́мры сьве́ціць, і це́мра не агарнула яго.
І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
Быў чалаве́к, пасла́ны ад Бога; імя яго Іоан.
Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян;
Ён прыйшоў дзеля сьве́дчаньня, каб сьве́дчыў аб сьвятле́, каб усе́ мелі ве́ру праз Яго.
Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі празь Яго;
Ня быў ён сьвятлом, але каб сьве́дчыў аб Сьвятле́.
ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло.
Было Сьвятло́ праўдзівае, якое прасьвячае ўсякага чалаве́ка прыходзячы ў сьве́т.
Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет.
Было Яно на сьве́це, і сьве́т праз Яго стаўся, і сьве́т Яго не пазнаў.
У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў;
Да сваіх прыйшло, і свае́ Яго ня прыня́лі.
прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі;
А тым, што прыня́лі Яго, ве́руючым у імя Яго, дало Яно ім сілу дзяцьмі Божымі ста́цца, тым, якія ве́руюць у імя Яго,
а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі,
тым, што не ад крыві, не ад жаданьня це́ла, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся.
І Слова це́лам ста́лася і пасялілася між нас, (і бачылі мы славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Айца), поўнае ласкі і праўды.
І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца.
Іоан сьве́дчыць аб Ім і го́ласна кажа: Гэта Той, пра Якога я сказаў: Той, што пасьля мяне́ йдзе, Ён напе́радзе мяне́ стаў, бо ране́й за мяне́ быў.
Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне.
І ад поўнасьці Яго ўсе́ мы прынялі ласку на ласку;
І ад паўнаты Яго ўсе мы прынялі і мілату да мілаты;
бо закон быў да́дзены праз Майсе́я, ласка-ж і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
бо закон дадзены праз Майсея, а мілата і праўда сталіся празь Ісуса Хрыста.
Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, што ў улоньні Айца, Той зьявіў.
Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, існы ва ўлоньні Айцовым, Ён адкрыў.
І вось сьве́дчаньне Іоана, як Жыды паслалі з Ерузаліму сьвяшчэньнікаў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: хто ты?
І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі зь Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты?
Ён сказаў і ня зрокся, і сказаў: я ня Хрыстос.
Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я ня Хрыстос.
І пыталіся ў яго: дык хто-ж? ты Ільля? І сказаў: не́. Прарок? І адказаў: не́.
І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказваў: не.
Дык сказалі яму: хто-ж ты? каб нам даць адказ тым, што нас паслалі: што́ ты кажаш аб самым сабе́?
Сказалі яму: хто ж ты? каб нам даць адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе?
І сказаў: я голас гука́ючага ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая (Ісая 40:3).
Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая.
А пасланыя былі ад фарысэяў.
А пасланцы былі з фарысэяў;
І спыталіся ў яго: Дык што-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?
і яны спыталіся ў яго: што ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ня Ільля, ні прарок?
Іоан сказаў ім у адказ: я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас, Каго вы ня ве́даеце;
Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце;
гэта Той, што йдзе́ за мною, але напе́радзе мяне́ быў, Якому я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця Яго.
Вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты разьвязаць рэмень на абутку Ягоным.
Ста́лася гэта ў Віфавары, за Іорданам, дзе хрысьціў Іоан.
Гэта адбывалася ў Віфавары пры Ярдане, дзе хрысьціў Ян.
На другі дзе́нь бачыць Іоан Ісуса ідучы да яго і кажа: вось Ягня Божае, што бярэ на Сябе́ грахі ўсяго сьве́ту.
На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету;
Гэта Той, аб Якім я сказаў: ідзе́ за мною Муж, Які стаў напе́радзе мяне́, бо ране́й за мяне́ быў;
Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней зя мяне;
і я ня ве́даў Яго; але, каб зьявіўся Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадой.
я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю.
І сьве́дчыў Іоан, кажучы: я бачыў Духа, зыходзячы з не́ба, як галуб, і стаў Ён над Ім.
І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім;
І я ня ве́даў Яго; але Той, што паслаў мяне́ хрысьціць вадой, сказаў мне́: на каго угле́дзіш зыхо́дячы Духа, Гэты і ёсьць Той, што Духам Сьвятым хрысьціць.
я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць — Хто хрысьціць Духам Сьвятым;
І я бачыў і засьве́дчыў, што гэты ёсьць Сын Божы.
і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.
На другі дзе́нь ізноў стаяў Іоан і двое з вучняў яго.
На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных;
І, угле́дзіўшы, што йдзе Ісус, сказаў: вось Ягня Божае!
і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае.
І пачулі двое з вучняў яго, як казаў гэтае, і пайшлі за Ісусам.
Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам.
Ісус жа, аглянуўшыся і ўгле́дзіўшы, што йдуць за Ім, кажа ім: чаго шука́еце? Яны адказалі Яму: Равві! (г. е. вучыцель) — дзе́ жыве́ш?
А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: што вам трэба? Яны сказалі Яму: Равьві, — што азначае: настаўнік, — дзе жывеш?
Кажа ім: пайдзе́це і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе́ Ён жыве́, і астава́ліся ў Яго гэты дзе́нь. Было-ж каля дзесятае гадзіны.
Кажа ім: ідзеце, і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той. Было каля дзясятай гадзіны.
Адзін з двох, што чулі ад Іоана і пайшлі за Ісусам, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
Ён пе́ршы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію (што азначае Хрыста).
Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Месію, што азначае: Хрыстос.
І прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Іонін, ты назаве́шся Кіфа, што значыць ка́мень (Пётр).
І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азначае: камень (Пётр).
На другі дзе́нь Ісус хаце́ў ісьці ў Галіле́ю і знаходзіць Піліпа ды кажа яму: ідзі за Мною.
На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною.
Піліп жа быў з Віфсаіды, з ме́ста Андрэя і Пятра.
А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром.
Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсе́й у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпавага, што з Назарэту.
Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта.
Але Натанаіл сказаў яму: ці-ж можа быць што́ добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды паглядзі.
Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі.
Ісус, угле́дзіўшы Натанаіла, як ішоў да Яго, кажа аб ім: вось, запраўды, ізраільцянін, у якім няма няшчырасьці.
Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці.
Натанаіл кажа Яму: скуль ве́даеш мяне́? Ісус адказаў і сказаў яму: пе́рш, чым Піліп паклікаў цябе́, я бачыў цябе, як ты быў пад смакоўніцаю.
Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе.
І кажа Яму Натанаіл: Равві! Ты Сын Божы! Ты — Цар Ізраіляў!
Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты — Сын Божы. Ты — Цар Ізраілеў.
Ісус у адказ сказаў яму: ве́рыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе́ пад смакоўніцаю; убачыш больш за гэтае.
Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта.
І кажа яму: запраўды́, запраўды́ кажу вам: адгэтуль будзеце бачыць не́ба адчы́ненае і ангелаў Божых узыходзячы і сходзячы ўніз да Сына Чалаве́чага.
І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага.