Яна 1 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

На пача́тку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
 
У пачатку было́ Слова, і Слова было́ ў Бога, і Богам было́ Слова.

Яно было ў Бога спрадве́ку.
 
Яно было ў пачатку ў Бога;

Усё праз Яго ста́лася, і без Яго нічога ня было з таго, што ста́лася.
 
усё праз Яго пачало́ быць, і без Яго нішто не пачало́ быць, што пачало́ быць.

У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятло́м для людзе́й.
 
У Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзе́й;

І сьвятло́ ў це́мры сьве́ціць, і це́мра не агарнула яго.
 
і святло ў це́мры све́ціць, і це́мра не агарну́ла яго.

Быў чалаве́к, пасла́ны ад Бога; імя яго Іоан.
 
Быў чалавек, пасла́ны ад Бога; імя́ яму Іаан;

Ён прыйшоў дзеля сьве́дчаньня, каб сьве́дчыў аб сьвятле́, каб усе́ мелі ве́ру праз Яго.
 
ён прыйшоў для све́дчання, каб све́дчыць пра Святло, каб усе ўве́равалі праз яго.

Ня быў ён сьвятлом, але каб сьве́дчыў аб Сьвятле́.
 
Ён не быў святлом, але прыйшоў, каб све́дчыць пра Святло;

Было Сьвятло́ праўдзівае, якое прасьвячае ўсякага чалаве́ка прыходзячы ў сьве́т.
 
было́ Святло íсціннае, Якое прасвятля́е ўсякага чалавека, што прыхо́дзіць у свет;

Было Яно на сьве́це, і сьве́т праз Яго стаўся, і сьве́т Яго не пазнаў.
 
у свеце быў, і свет праз Яго пача́ў быць, і свет Яго не пазнаў;

Да сваіх прыйшло, і свае́ Яго ня прыня́лі.
 
да сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялí.

А тым, што прыня́лі Яго, ве́руючым у імя Яго, дало Яно ім сілу дзяцьмі Божымі ста́цца, тым, якія ве́руюць у імя Яго,
 
А тым, што прынялí Яго, даў ула́ду стаць дзе́цьмі Божымі, тым, што ве́руюць у імя́ Яго,

тым, што не ад крыві, не ад жаданьня це́ла, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
 
якія не ад крывí, і не ад жада́ння пло́ці, і не ад жада́ння му́жа, а ад Бога нарадзíліся.

І Слова це́лам ста́лася і пасялілася між нас, (і бачылі мы славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Айца), поўнае ласкі і праўды.
 
І Слова стала пло́ццю, і жыло́ сярод нас, і мы ба́чылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благада́ці і íсціны.

Іоан сьве́дчыць аб Ім і го́ласна кажа: Гэта Той, пра Якога я сказаў: Той, што пасьля мяне́ йдзе, Ён напе́радзе мяне́ стаў, бо ране́й за мяне́ быў.
 
Іаан све́дчыць пра Яго і, ўскліка́ючы, гаворыць: гэта быў Той, пра Каго я сказаў: Той, Хто ідзе за мною, напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў;

І ад поўнасьці Яго ўсе́ мы прынялі ласку на ласку;
 
і ад паўнаты́ Яго мы ўсе прынялí і благада́ць на благада́ць;

бо закон быў да́дзены праз Майсе́я, ласка-ж і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
 
бо закон праз Маісея да́дзены, а благада́ць і íсціна праз Іісуса Хрыста ста́ліся.

Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, што ў улоньні Айца, Той зьявіў.
 
Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўло́нні Айца, Ён явíў.

І вось сьве́дчаньне Іоана, як Жыды паслалі з Ерузаліму сьвяшчэньнікаў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: хто ты?
 
І вось све́дчанне Іаана, калі Іудзеі пасла́лі з Іерусаліма святароў і левíтаў, каб спыта́лі яго: хто ты́

Ён сказаў і ня зрокся, і сказаў: я ня Хрыстос.
 
І ён вы́знаў і не адро́кся; і вы́знаў: я не Хрыстос.

І пыталіся ў яго: дык хто-ж? ты Ільля? І сказаў: не́. Прарок? І адказаў: не́.
 
І спыталі яго: дык што́ ты Ілія́? І ён сказаў: не. Ты прарок? І адказаў: не.

Дык сказалі яму: хто-ж ты? каб нам даць адказ тым, што нас паслалі: што́ ты кажаш аб самым сабе́?
 
Сказалі яму: хто ж ты́ каб даць адказ тым, хто паслаў нас; што́ ты скажаш пра само́га сябе́

І сказаў: я голас гука́ючага ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая (Ісая 40:3).
 
Ён сказаў: я голас таго, хто клíча ў пусты́ні: вы́прамце шлях Госпаду, як сказаў прарок Іса́ія.

А пасланыя былі ад фарысэяў.
 
А пасла́ныя былí з фарысеяў;

І спыталіся ў яго: Дык што-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?
 
і яны пыталіся ў яго і казалі яму: чаго ж ты хры́сціш, калі ты не Хрыстос, ні Ілія́, ні прарок?

Іоан сказаў ім у адказ: я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас, Каго вы ня ве́даеце;
 
Адказаў ім Іаан, ка́жучы: я хрышчу́ вадою; але сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце;

гэта Той, што йдзе́ за мною, але напе́радзе мяне́ быў, Якому я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця Яго.
 
гэта Той, Хто ідзе за мною, Які напе́радзе мяне стаў, у Якога я нява́рты развяза́ць раме́нь абу́тку Яго.

Ста́лася гэта ў Віфавары, за Іорданам, дзе хрысьціў Іоан.
 
Гэта было ў Віфава́ры за Іарданам, дзе хрысцíў Іаан.

На другі дзе́нь бачыць Іоан Ісуса ідучы да яго і кажа: вось Ягня Божае, што бярэ на Сябе́ грахі ўсяго сьве́ту.
 
На другі дзень бачыць Іаан Іісуса, Які ідзе да яго, і кажа: вось Агнец Божы , што бярэ́ на Сябе грахí свету;

Гэта Той, аб Якім я сказаў: ідзе́ за мною Муж, Які стаў напе́радзе мяне́, бо ране́й за мяне́ быў;
 
гэта Той, пра Якога я сказаў: «за мною ідзе Муж, Які напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў»;

і я ня ве́даў Яго; але, каб зьявіўся Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадой.
 
і я не ведаў Яго; але, каб Ён быў я́ўлены Ізра́ілю, дзе́ля гэтага прыйшоў я хрысцíць вадою.

І сьве́дчыў Іоан, кажучы: я бачыў Духа, зыходзячы з не́ба, як галуб, і стаў Ён над Ім.
 
І све́дчыў Іаан, ка́жучы: я бачыў Духа, Які сыхо́дзіў як голуб з неба, і Ён заста́ўся на Ім;

І я ня ве́даў Яго; але Той, што паслаў мяне́ хрысьціць вадой, сказаў мне́: на каго угле́дзіш зыхо́дячы Духа, Гэты і ёсьць Той, што Духам Сьвятым хрысьціць.
 
і я не ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысцíць вадою, сказаў мне: «над Кім убачыш Духа, Які сыхо́дзіць і застае́цца на Ім, Той і ёсць, што хры́сціць Духам Святым»;

І я бачыў і засьве́дчыў, што гэты ёсьць Сын Божы.
 
і я бачыў і засве́дчыў, што Ён — Сын Божы.

На другі дзе́нь ізноў стаяў Іоан і двое з вучняў яго.
 
На другі дзень зноў стаяў Іаан і двое з вучняў яго.

І, угле́дзіўшы, што йдзе Ісус, сказаў: вось Ягня Божае!
 
І, убачыўшы Іісуса, Які ішоў, ён сказаў: вось Агнец Божы.

І пачулі двое з вучняў яго, як казаў гэтае, і пайшлі за Ісусам.
 
І пачулі або́два вучні, як ён казаў гэта, і пайшлі за Іісусам.

Ісус жа, аглянуўшыся і ўгле́дзіўшы, што йдуць за Ім, кажа ім: чаго шука́еце? Яны адказалі Яму: Равві! (г. е. вучыцель) — дзе́ жыве́ш?
 
Іісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: чаго вы шука́еце? Яны сказалі Яму: Раввí (што азначае: Вучыцель), дзе Ты жыве́ш?

Кажа ім: пайдзе́це і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе́ Ён жыве́, і астава́ліся ў Яго гэты дзе́нь. Было-ж каля дзесятае гадзіны.
 
Ён кажа ім: ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылí ў Яго дзень той. Было ж каля дзесятай гадзíны.

Адзін з двох, што чулі ад Іоана і пайшлі за Ісусам, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
 
Адзін з дваіх, што пачулі ад Іаана пра Іісуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сíмана Пятра.

Ён пе́ршы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію (што азначае Хрыста).
 
Ён першы знахо́дзіць брата свайго Сíмана і кажа яму: мы знайшлі Месíю (што ў перакладзе азначае: Хрыстос).

І прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Іонін, ты назаве́шся Кіфа, што значыць ка́мень (Пётр).
 
І прывёў яго да Іісуса. Глянуўшы на яго, Іісус сказаў: ты Сíман, сын Іоны; ты будзеш звацца Кíфа (што азначае: ка́мень).

На другі дзе́нь Ісус хаце́ў ісьці ў Галіле́ю і знаходзіць Піліпа ды кажа яму: ідзі за Мною.
 
На другі дзень захацеў Ён ісці ў Галілею; і знахо́дзіць Філіпа і кажа яму: ідзі за Мною.

Піліп жа быў з Віфсаіды, з ме́ста Андрэя і Пятра.
 
Філіп жа быў з Віфсаíды, з горада Андрэя і Пятра.

Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсе́й у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпавага, што з Назарэту.
 
Знаходзіць Філіп Нафана́іла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Каго пісалі Маісей у законе і прарокі, Іісуса, Сына Іосіфавага, з Назарэ́та.

Але Натанаіл сказаў яму: ці-ж можа быць што́ добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды паглядзі.
 
І сказаў яму Нафана́іл: ці можа з Назарэ́та быць што добрае? Філіп кажа яму: ідзі і паглядзí.

Ісус, угле́дзіўшы Натанаіла, як ішоў да Яго, кажа аб ім: вось, запраўды, ізраільцянін, у якім няма няшчырасьці.
 
Убачыў Іісус Нафана́іла, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: вось, сапраўды́, Ізраільця́нін, у якім няма крываду́шнасці.

Натанаіл кажа Яму: скуль ве́даеш мяне́? Ісус адказаў і сказаў яму: пе́рш, чым Піліп паклікаў цябе́, я бачыў цябе, як ты быў пад смакоўніцаю.
 
Кажа Яму Нафана́іл: адкуль Ты мяне ведаеш? У адказ Іісус сказаў яму: перш, чым паклíкаў цябе Філіп, калі ты быў пад смако́ўніцаю, Я бачыў цябе.

І кажа Яму Натанаіл: Равві! Ты Сын Божы! Ты — Цар Ізраіляў!
 
Нафана́іл адказаў Яму: Раввí! Ты Сын Божы, Ты Цар Ізра́ілеў.

Ісус у адказ сказаў яму: ве́рыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе́ пад смакоўніцаю; убачыш больш за гэтае.
 
У адказ Іісус сказаў яму: ты верыш, бо Я сказаў табе: «Я бачыў цябе пад смако́ўніцаю»; убачыш бо́льшае за гэта.

І кажа яму: запраўды́, запраўды́ кажу вам: адгэтуль будзеце бачыць не́ба адчы́ненае і ангелаў Божых узыходзячы і сходзячы ўніз да Сына Чалаве́чага.
 
І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: з гэтага часу ўба́чыце неба раскры́тае і ангелаў Божых, што ўзыхо́дзяць і сыхо́дзяць да Сы́на Чалавечага.