пераклады // сімфонія // слоўнікі

Біблія » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Эвангельле Яана 1 разьдзел

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2 Яно было ў Бога спрадвеку.
3 Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога ня было з таго, што сталася.
4 У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей.
5 І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
6 Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Іоан.
7 Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў аб сьвятле, каб усе мелі веру праз Яго.
8 Ня быў ён сьвятлом, але каб сьведчыў аб Сьвятле.
9 Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвячае ўсякага чалавека прыходзячы ў сьвет.
10 Было Яно на сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.
11 Да сваіх прыйшло, і свае Яго ня прынялі.
12 А тым, што прынялі Яго, веруючым у імя Яго, дало Яно ім сілу дзяцьмі Божымі стацца, тым, якія веруюць у імя Яго,
13 тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
14 І Слова целам сталася і пасялілася між нас, (і бачылі мы славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Айца), поўнае ласкі і праўды.
15 Іоан сьведчыць аб Ім і голасна кажа: Гэта Той, пра Якога я сказаў: Той, што пасьля мяне йдзе, Ён наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў.
16 І ад поўнасьці Яго ўсё мы прынялі ласку на ласку;
17 бо закон быў дадзены праз Майсея, ласка-ж і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
18 Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, што ў улоньні Айца, Той зьявіў.
19 І вось сьведчаньне Іоана, як Жыды паслалі з Ерузаліму сьвяшчэньнікаў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: хто ты?
20 Ён сказаў і ня зрокся, і сказаў: я ня Хрыстос.
21 І пыталіся ў яго: дык хто-ж? ты Ільля? І сказаў: не. Прарок? І адказаў: не.
22 Дык сказалі яму: хто-ж ты? каб нам даць адказ тым, што нас паслалі: што ты кажаш аб самым сабе?
23 І сказаў: я голас гукаючага ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая. (Ісая 40:3)
24 А пасланыя былі ад фарысэяў.
25 І спыталіся ў яго: Дык што-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?
26 Іоан сказаў ім у адказ: я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас, Каго вы ня ведаеце;
27 гэта Той, што йдзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень абуцьця Яго.
28 Сталася гэта ў Віфавары, за Іорданам, дзе хрысьціў Іоан.
29 На другі дзень бачыць Іоан Ісуса ідучы да яго і кажа: вось Ягня Божае, што бярэ на Сябе грахі ўсяго сьвету.
30 Гэта Той, аб Якім я сказаў: ідзе за мною Муж, Які стаў наперадзе мяне, бо раней за мяне быў;
31 і я ня ведаў Яго; але, каб зьявіўся Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадой.
32 І сьведчыў Іоан, кажучы: я бачыў Духа, зыходзячы з неба, як галуб, і стаў Ён над Ім.
33 І я ня ведаў Яго; але Той, што паслаў мяне хрысьціць вадой, сказаў мне: на каго угледзіш зыходячы Духа, Гэты і ёсьць Той, што Духам Сьвятым хрысьціць.
34 І я бачыў і засьведчыў, што гэты ёсьць Сын Божы.
35 На другі дзень ізноў стаяў Іоан і двое з вучняў яго.
36 І, угледзіўшы, што йдзе Ісус, сказаў: вось Ягня Божае!
37 І пачулі двое з вучняў яго, як казаў гэтае, і пайшлі за Ісусам.
38 Ісус жа, аглянуўшыся і ўгледзіўшы, што йдуць за Ім, кажа ім: чаго шукаеце? Яны адказалі Яму: Равві! (г. е. вучыцель) — дзе жывеш?
39 Кажа ім: пайдзеце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і аставаліся ў Яго гэты дзень. Было-ж каля дзесятае гадзіны.
40 Адзін з двох, што чулі ад Іоана і пайшлі за Ісусам, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
41 Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію (што азначае Хрыста).
42 І прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Іонін, ты назавешся Кіфа, што значыць камень (Пётр).
43 На другі дзень Ісус хацеў ісьці ў Галілею і знаходзіць Піліпа ды кажа яму: ідзі за Мною.
44 Піліп жа быў з Віфсаіды, з места Андрэя і Пятра.
45 Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсей у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпавага, што з Назарэту.
46 Але Натанаіл сказаў яму: ці-ж можа быць што добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды паглядзі.
47 Ісус, угледзіўшы Натанаіла, як ішоў да Яго, кажа аб ім: вось, запраўды, ізраільцянін, у якім няма няшчырасьці.
48 Натанаіл кажа Яму: скуль ведаеш мяне? Ісус адказаў і сказаў яму: перш, чым Піліп паклікаў цябе, я бачыў цябе, як ты быў пад смакоўніцаю.
49 І кажа Яму Натанаіл: Равві! Ты Сын Божы! Ты — Цар Ізраіляў!
50 Ісус у адказ сказаў яму: верыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш больш за гэтае.
51 І кажа яму: запраўды, запраўды кажу вам: адгэтуль будзеце бачыць неба адчыненае і ангелаў Божых узыходзячы і сходзячы ўніз да Сына Чалавечага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991


2023. Створана з любоўю для тых, хто разважае пра Бога і шукае Яго.