пераклады // сімфонія // слоўнікі

Біблія » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Рымлянаў 1 разьдзел

1 Паўла, раб Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, выбраны дзеля абвяшчаньня Эвангельля Божага,
2 (якое Бог наперад абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых пісаньнях,)
3 аб Сыне Яго, (які целам радзіўся ад насеньня Давідавага па целу
4 і адкрыўся, як Сын Божы, у сіле, духам сьвятасьці праз уваскрасеньне з мёртвых) аб Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,
5 (праз Якога мы атрымалі ласку й апостальства, каб у імя Яго прыдбаць дзеля веры ўсе народы,
6 між якімі і вы, сягоньня Ісусам Хрыстом пакліканыя),
7 усім, што ёсьць у Рыме, улюбленым Богам, пакліканым сьвятым: ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
8 Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера ваша абвяшчаецца па ўсім сьвеце;
9 сьведка мне Бог, якому служу духам маім у дабравешчаньні Сына Яго, што ўсьцяж успамінаю аб вас,
10 заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб калі-небудзь давялося мне прыйсьці да вас паводле волі Божае.
11 Бо я вельмі жадаю ўгледзіць вас, каб даць вам нейкі падарунак духоўны дзеля ўмацаваньня вашага,
12 ці то парадавацца з вамі супольнаю вераю вашаю і маею.
13 Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні, што я часта думаў прыйсьці да вас (ды сустракаў перашкоды яжно па сягоньняшні дзень), каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў.
14 Я даўжнік і Грэкам, і барбарам, мудрым і неразумным;
15 дык, што да мяне, я гатоў абвяшчаць Эвангельле і вам, каторыя ў Рыме.
16 Бо ня стыдаюся Эвангельля Хрыстовага, бо сіла Божая ёсьць на збаўленьне кожнаму, хто веруе, сьпярша Жыду, а потым і Грэку.
17 Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры да веры, як напісана: праведны жыць будзе вераю. (Авак 2:4)
18 Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, што маюць праўду ў няпраўдзе.
19 Бо, што можна ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім;
20 бо нявідомае Яго, вечная сіла Яго і Божства ад стварэньня сьвету праз разважаньне аб творах відомым робіцца, каб быць ім без апраўданьня
21 за тое, што яны, пазнаўшы Бога, не як Бога славілі Яго ці дзякавалі, але марным займаліся ў разважаньнях сваіх, і прыцьмілася неразумнае сэрца іх:
22 кажучы аб сабе, што яны мудрыя, яны адурэлі
23 і славу нятленнага Бога замянілі на ўзор абраза тленнага чалавека і птушак, і чацьвёраногіх, і гадаў.
24 Дык і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іх нячыстасьці, каб яны апаганілі целы свае міжы сабою.
25 Яны замянілі праўду Божую на ілжу і пакланіліся і служылі стварэньню замест стварыцеля, які багаслаўлены навекі, амін.
26 Дзеля гэтага аддаў іх Бог цярпець ганьбу: бо жанчыны іх замянілі прыроднае карыстаньне на проціпрыроднае.
27 Гэтак сама і мужчыны, пакінуўшы прыроднае карыстаньне з жаночага полу, распаляліся пажадлівасьцяй адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах сорам робячы і атрымліваючы ў самых сабе належную адплату за свой блуд.
28 І, як яны ня рупіліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог ілжываму розуму рабіць непатрэбшчыну,
29 і яны напоўнены ўсякай няпраўдаю, распустай, крывадушнасьцяй, прагавітасьцяй, злосьцяй, напоўнены зайздрасьцяй, забойствам, сваркай, ашуканствам, благімі абычаямі;
30 яны зьвяглівыя манюкі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, гардуны, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацьком,
31 неразумныя, вераломныя, пазбаўленыя любві, непагодлівыя, неміласэрныя.
32 Яны ведаюць праведны прысуд Божы, што тыя, хто гэткае робіць, варты сьмерці; аднак, яны ня толькі гэта робяць, але й пахваляюць тых, хто робіць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Рымлянаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991


2023. Створана з любоўю для тых, хто разважае пра Бога і шукае Яго.