1 Якуб, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццацём родам, што расьцярушаны, — радавацца!
2 З вялікаю радасьцяй прымайце (гзта), браты маі, калі пападаеце ў розныя спакушэньні,
3 ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры вытварае цярплівасьць;
4 цярплівасьць жа няхай мае закончанае дзела, каб вы былі закончанымі й поўнымі, бяз ніякае нястачы.
5 Калі-ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, які дае ўсім проста і без дакораў, — і будзе яму дадзена.
6 Але няхай просіць з вераю, ані не сумляваючыся, бо той, хто сумляваецца, падобны да марское хвалі, якую вецер уздыймае й разьбівае.
7 Дык няхай ня думае гэткі чалавек, што нешта дастане ад Госпада.
8 Двудушны чалавек няцьвёрды на ўсіх сваіх шляхох.
9 Няхай жа хваліцца паніжаны брат сваей высокасьцяй,
10 а багаты сваім паніжэньнем, бо праміне, як цьвет на траве.
11 Бо ўзыйшло сонца са сьпекай і высушыла траву, і цьвет яе апаў, і хараство аблічча яе счэзла; гэтак і багаты на шляхох сваіх завяне.
12 Шчасьлівы чалавек, які выдзержывае спакусу, бо, як выпрабаваны, ён дастане вянок жыцьця, што абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.
13 У часе спакушэньня ніхто хай ня кажа: Бог мяне спакушае; бо Бог не спакушаецца злом, і сам нікога не спакушае.
14 А кожны спакушаецца, захоплены й прываблены ўласным пажаданьнем;
15 а пасьля пажаданьне, зачаўшы, спараджае грэх, а зроблены грэх спараджае сьмерць.
16 Не баламуцьцеся, браты маі ўмілаваныя:
17 кожнае добрае даньнё і кожны дасканалы дар зыходзе з вышыні, ад Айца сьветласьцяў, у Якога няма адмены ані зьменнасьці.
18 Захацеўшы, спарадзіў нас словам праўды, каб быць нам нейкім пачаткам тварэньняў Яго.
19 Дык вось, браты маі ўмілаваныя, усякі чалавек няхай будзе хуткі паслухаць, павольны гаварыць, няскоры гневацца,
20 бо гнеў чалавека ня творыць праўды Божае.
21 Дзеля гэтага, адклаўшы ўсякі бруд і астачу злосьці, у пакоры прымеце насаджанае слова, што душы вашыя збавіць можа.
22 Будзьце-ж выпаўніцелямі слова, а не слухачамі толькі, ашуківаючымі самых сябе.
23 Бо хто слухае слова і не выпаўняе, той падобны да чалавека, які разглядае прыраджонае аблічча свае ў люстры:
24 ён паглядзеў на сябе і адыйшоўся, ды ўраз жа забыўся, які ён.
25 Але хто ўглыбляецца ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім, той, стаючыся не слухачом забываючымся, але выпаўніцелем дзела, шчасьлівы будзе ў дзеяльнасьці.
26 Калі хто сярод вас думае, што ён багабойны, ды не закелзае языка свайго, але ашуківае сэрца свае, у таго багабойнасьць пустая.
27 Чыстая і беззаганная багабойнасьць перад Богам Айцом — у тым, каб даглядаць сірот і ўдоваў у горы іх і дзяржацца неапаганеным ад сьвету.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланьне Якуба, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991