пераклады // сімфонія // слоўнікі
1 Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, што асьвенчаны Богам Айцом і захаваны Ісусам Хрыстом:
2 ласка вам і мір і любоў няхай памножыцца!
3 Умілаваныя! пакладаючы ўсю рупнасьць пісаць вам аб агульным збаўленьні, я палічыў за патрэбнае напісаць вам напамінаньне — змагацца за веру, раз пераданую сьвятым.
4 Бо паўбіваліся некаторыя людзі, здаўна празначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што ласку Бога нашага на распусту абяртаюць і адзінага Валадара, Бога і Госпада нашага, Ісуса Хрыста, выракаюцца.
5 Я хачу напомніць вам, каторыя раз гэта даведаліся, што Госпад, вызваліўшы народ з зямлі Эгіпскае, нявераваўшых пасьля загубіў
6 і ангелаў, не захаваўшых свае ўлады, але пакінуўшых сваё жыльлё, у вечных путах пад цемраю на суд вялікага дня дзержыць.
7 Як Садом і Гамора і вакалічныя месты, што падобна да іх жылі ў распусьце й за іншым целам хадзілі, падпаўшы пад кару вечнага агня, пастаўлены за прыклад, —
8 гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганіваюць цела, адкідаюць начальства і ўладу ганьбуюць.
9 Міхал Архангел, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсеява, не адважыўся вынесьці дакорлівага прысуду, але сказаў: няхай забароніць табе Госпад.
10 А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; што-ж па прыродзе ведаюць, як бязмоўныя жывёлы, тым сябе растляваюць.
11 Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна, папаліся ў манлівасьць нагароды Валаамавае і ў упартасьці пагіблі, як Карэй.
12 Яны ёсьць небясьпека на вашых вячэрах любві: госьцячы ў вас, насуцца бяз страху; гэта хмары бязводныя, што носяцца ветрам; асеньнія дрэвы, бясплодныя, двойчы памершыя, павырываныя;
13 лютыя хвалі марскія, што пеняцца сорамам сваім; зоры блукаючыяся, для якіх чорная цемра навекі захована.
14 Аб іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось ідзе Госпад з мірыядамі сьвятых —
15 учыніць суд над усімі і дакарыць між імі ўсіх бязбожных за ўсе ўчынкі бязбожнасьці іх, якімі бязбожнае чыпілі, і за ўсе жорсткасьці, што гаварылі на Яго бязбожныя грэшнікі.
16 Гэта наракальнікі, нічым не здавальняючыяся, што ходзяць водле пажаданьняў сваіх; і вусны іх гавораць горда, і яны паважаюць аблічча дзеля карысьці.
17 Але вы умілаваныя, памятайце словы, прадказаныя Апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста:
18 яны казалі вам, што ў апошні час зьявяцца лаяльнікі, каторыя ходзяць водле іхніх бязбожных пажаданьняў.
19 Гэта тыя, што адлучаюцца (ад еднасьці веры), з душою, ды ня маючыя духа.
20 А вы, улюбленыя, будуючы сябе найсьвяцейшай верай вашай, молячыся ў Духу Сьвятым,
21 захоўвайце сябе ў любві Божай, чакаючы ласкі ад Госпада нашага Ісуса Хрыста ў жыцьцё вечнае.
22 І над аднымі літуйцеся з развагаю,
23 а другіх ратуйце, выхопліваючы з агню, дакарайце з страхам, ненавідзячы навет вопратку, целам апаганеную.
24 Таму-ж, хто захаваць вас можа ад упадку і паставіць перад славаю Сваею нескажонымі ды ў радасьці,
25 адзінаму прамудраму Богу, Збавіцелю нашаму праз Ісуса Хрыста, Госпада нашаса, слава й веліч, сіла і ўлада сягоньня й на ўсе вякі. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Юды, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991


2023. Створана з любоўю для тых, хто разважае пра Бога і шукае Яго.