1 Юда, раб Ісуса Хрыста, і брат Якуба, — прыклíканым (і) асьвячоным Богам Ба́цькам і зьберажоным Ісусам Хрыстом:
2 літасьць вам і мір і любоў (Бога) хай будуць памножаны.
3 Любасныя! спажываючы ўсю рупнасьць, (каб) пісаць вам пра супольнае збаўле́ньне, я палічыў за абавязковасьць напісаць вам, заклікаючы сумесна змагацца за веру, аднойчы пераданую сьвятым.
4 Таму што ўкраліся нікаторыя людзі, зда́ўна прызна́чаныя для гэтага засуджэньня, бязбожныя, якія Багадаць Бога нашага пераварачаюць у распусту, і адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста адкідаючыя.
5 Напомніць жа хачу вам, якія аднойчы даведаліся гэта, што Госпад вызваліўшы народ зь зямлі Эгіпту, потым загубіў тых, што ня верылі.
6 І ангелаў, якія ня захавалі сваёй годнасьці, але пакíнуўшых (мейсца) свайго жытла, утрымлівае ў цемры путамі вечнымі на суд вялікага дня.
7 Падобна Садому і Гаморы і местам вакол іх, якія падобна гэтым аддалíся блудадзейству і пайшлі за чужым целам, сталі прыкладам і былí адда́дзены справядлівасьці вечнага агню, —
8 таксама і гэтыя (украўшыяся людзі), мроючы, цела апаганьваюць, начальства ігнаруюць, вышэйшых ганьбуюць.
9 А Міхаіл Архангел, калі спрачаўся з д’яблам і даказываў адносна цела Масея, ня асьмеліўся вынясьці дакорлівага суду, але сказаў: хай забароніць табе Госпад.
10 А гэтыя ліхасловяць тое, чаго ня ведаюць. А што ведаюць інстынктыўна, як няразумныя жывёлы, гэтым губяць сябе.
11 Гора ім, таму што пайшлі шляхам Каіна, і адда́ны заблуджэньню Валаамавай узнагароды, і загíнулі ў упартасьці Карэя.
12 Яны ёсьць (прыхаваная) нябясьпека на вашых ага́пах, (яны) кормяцца бяз страху застольнічаючы з вамі: воблакі бязводныя, вятрамі ганяныя; дрэвы восеньскія, бясплодныя, двойчы памершыя, выкарчава́ныя;
13 разьюшаныя марскія хвалі, што пе́няцца га́ньбамі сваімі; зоркі блуканьня, каторым цямнота цемры навек прыгатава́на.
14 Прарочыў жа і пра іх сёмы ад Адама Янох, кажучы: «вось, прыйшоў Госпад зь мірыядамі сьвятых Сваіх
15 учынíць суд над усíмі і дакарыць між імі ўсіх бязбожных за ўсе íхнія бязбожныя ўчынкі, якíмі (яны) зьблюзьне́рылі, і за ўсе зьнява́гі, якія сказа́лі су́праць Яго бязбожныя грэшнікі».
16 Гэта наракальнікі няздавольныя, што ходзяць водля пажаданьняў сваіх, і вусны іхныя гавораць (словы) напышлівыя, падлыгваючы людзям дзеля карысьці.
17 Але вы, любасныя, успомніце словы, якія раней былí сказаныя Апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста,
18 якія (яны) гаварылі вам, што ў апошні час зьявяцца насьміхальнікі, якія будуць хадзіць водля сваіх бязбожных пажаданьняў.
19 Яны — аддзяляюць сябе (ад другіх верных), душэўныя, ня маючыя Духа (Сьвятога).
20 А вы, любасныя, будуючы сябе найсьвяцейшай вашай верай, молячыся ў Духу Сьвятым,
21 зьберажыце сябе ў любві Бога, чакаючы міласэрнасьці Госпада нашага Ісуса Хрыста на жыцьцё вечнае.
22 І адных мíлуйце разважаючы,
23 другіх жа ратуйце страхам, выхопліваючы з агню, нянавідзячы на́ват вопратку, апага́неную целам.
24 Таму ж, Хто мае сілу зьберагчы вас ад упадку і паставіць перад Абліччам славы Сваёй бяззага́ннымі і ў радасьці,
25 адзінаму прамудраму Богу, Збавіцелю нашаму (празь Ісуса Хрыста, Госпада нашага) слава і веліч, сіла і ўлада і цяпер і на ўсе вякі. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Саборнае Пасланьне Юды, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020