Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Якуба 1 Якуба 1 разьдзел

1 Якуб, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццацём родам, што расьцярушаны, — радавацца!
2 Лічыце вялікай радасьцю, браты мае, калі трапляеце пад розныя спакушэньні,
3 ведаючы, што выпрабава́ньне вашае веры вытварае цярплівасьць;
4 цярплівасьць жа хай мае поўнае дзе́яньне, каб вы былі бяззага́ннымі і даскана́лымі, бязь ніякае нястачы.
5 Калі ж у каго з вас ня хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і бяз папро́ку, і будзе яму да́дзена.
6 Але няхай просіць зь вераю, ані ня сумнява́ючыся, бо той, хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую вецер уздымае і разьдзіма́е.
7 Дык няхай ня думае гэткі чалавек, што нешта дастане ад Госпада.
8 Чалавек які сумняваецца няцьвёрды на ўсіх сваіх шляхох.
9 Няхай жа хва́ліцца брат паніжаны сваёй высокасьцяй,
10 а багаты — паніжэньнем сваім, бо праміне, як кветка травы.
11 Бо ўзыйшло сонца са сьпёкай і высушыла траву, і кветка яе апа́ла, і вонкавае хараство яе счэзла; гэтак і багаты на шляхо́х сваіх засохне.
12 Шчасьлівы чалавек, які выстаяў у спакусе, бо стануўшы выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцьця, які абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.
13 Будучы спакушаемым ніхто ня кажы: я спакуша́емы Богам, таму што Бог ня спакуша́ецца злом, і Ён ня спакушае нікога.
14 А кожны спакушаецца, прываблены і захоплены ўласным пажаданьнем;
15 а пасьля пажаданьне, зачаўшы, спараджае грэх; а зроблены грэх спараджае сьмерць.
16 Ня абманавайцеся, браты мае любасныя.
17 Усякі дар добры і ўсякае даяньне дасканалае — зыходзіць з вышыні, ад Ба́цькі сьветлаў, у Якога няма ні зьмяненьня ні ценю паварота.
18 Захацеўшы, спарадзіў нас Словам Праўды, каб быць нам нейкім пачаткам тварэньняў Ягоных.
19 Дык вось, браты мае любасныя, усякі чалавек няхай будзе хуткі выслухаць, павольны сказаць, павольны на гнеў.
20 Бо гнеў чалавека ня творыць Праўды Бога.
21 Пагэтаму адклаўшы ўсякі бруд і лíшак злосьці ў пакоры прымеце наса́джанае Слова, што душы вашыя збавіць можа.
22 Будзьце ж выпаўніцелямі Слова, а ня слухача́мі толькі, ашукваючымі самых сябе.
23 Бо хто слухае Слова і ня выпаўняе, той падобны да чалавека, які разглядае ў люстэрку рысы твару свайго:
24 бо (ён) разглядзеў сябе ды ўраз (жа) забыўся, які ён.
25 Але хто ўглыбіўся ў дасканалы Закон свабоды і застаўся (у ім), той, стаўшыся ня слухачом забываючымся, але выканаўцам справы, той шчасьлівы будзе ў дзеяньні сваім.
26 Калі хто сярод вас мяркуе лічыцца багабойным, ня закелзываючы языка свайго, але абманаваючы сэрца сваё, у таго багабойнасьць пустая.
27 Чыстая і бяззаганная багабойнасьць перад Богам і Ба́цькам ёсьць гэта: клапаціцца пра сірот і ўдоваў у горы іхным і берагчы сябе няапаганеным ад сьвету.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Саборнае Пасланьне Якуба, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020