Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Якуба 2 Якуба 2 разьдзел

1 Браты мае! Мейце нястаронную веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста, (Госпада) Славы.
2 Бо калі на сход ваш увойдзе мужчына з залатым пярсьцёнкам, у багатай вопратцы, увойдзе таксама і бедны ў рызьзю,
3 і вы зьвернеце ўвагу на таго, хто апрануты ў вопратку багатую, і скажаце яму: табе добра сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо садзіся тут, ля падножжа майго,
4 дык ці ня перасудзілі вы ў самых сабе і ці ня сталі вы судзьдзямі зь нягоднымі думкамі?
5 Паслухайце, браты мае любасныя, ці ня Бог выбраў бедных сьвету гэтага багатымі верай і насьлядоўцамі Валадарства, Якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго?
6 А вы пага́рдзілі бедным. Ці ня багатыя прыгнятаюць вас, ці ж ня яны цягаюць вас па судах?
7 Ці ж ня яны зьняслаўляюць добрае імя (вашае), якім вы названы?
8 Аднак калі (вы) выпаўняеце закон валадарскі па Пісаньню: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе, добра робіце.
9 Але калі абыходзіцеся па староннасьці, грэх чыніце будучы дакараемы Законам як злачынцы.
10 Бо хто ўвесь Закон выпаўніць, ды саграшыць у нечым адным, той зрабіўся вінаватым ува ўсім.
11 Бо Той, Хто сказаў: ня чужалож! сказаў таксама: ня забí; дык калі ты ня будзеш чужаложыць, але заб’еш, то ты (таксама) стаўся праступнікам Закону.
12 Так кажыце і так рабіце, як тыя, якія маюць быць судзімымі па Закону свабоды.
13 Бо суд бяз літасьці ня зрабіўшаму літасьці, бо літасьць вышэй за суд.
14 Якая карысьць (з таго), браты мае, калі хто кажа, што (ён) мае веру, ды ўчынкаў ня мае? Ня можа гэта вера ўратаваць яго.
15 Калі ж брат ці сястра ня маюць у што апрануцца ды маюць патрэбу ў штодзённай ядзе,
16 і хто-небудзь із вас скажа ім: ідзеце ў міры, грэйцеся і карміцеся, але ня дасьць ім патрэбнага для цела: якая карысьць?
17 Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
18 Але скажа хто-небудзь: ты веру маеш, а я маю ўчынкі: пакажы мне веру тваю бяз учынкаў тваіх, а я пакажу табе маю веру на ўчынках маіх.
19 Ты верыш, што Бог адзін ёсьць, — правільна робіш; і дэманы вераць і дрыжаць.
20 Ці хочаш ведаць чалавеча бясплодны, што вера бяз учынкаў мёртвая?
21 Абрагам, бацька наш, ці ня на падставе ўчынкаў апраўданы быў, усклаўшы Ісагака, сына свайго, на ахвярнік?
22 Ці бачыш, што вера садзейнічала ўчынкам ягоным, і ад учынкаў вера зроблена дасканалай?
23 І было споўнена Пісаньне, якое гаворыць: «паверыў Абрагам Богу, і было залíчана яму ў праведнасьць, і другам Бога быў ён названы.»
24 Такім чынам вы бачыце, што на падставе ўчынкаў прызнаецца чалавек праведным, а ня на падставе толькі адной веры?
25 Гэтак сама і Рааб блудадзейка ці ня на падставе ўчынкаў была апраўда́на, прыняўшы пасланцоў і адправіўшы іх другой дарогай?
26 Бо як цела бяз духа мёртвае, так і вера бяз учынкаў мёртвая.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Саборнае Пасланьне Якуба, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020