Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Якава 2 Якава 2 разьдзел

1 Браты мае, майце веру ў Ісуса Хрыста нашага, Спадара славы, не зважаючы на асобы.
2 Бо калі да бажніцы вашае ўвыйдзе чалавек із залатой жуковінкаю і ў пазорыстым адзецьцю, увыйдзе ж і бедны ў рызьзю;
3 І вы, гледзячы на тога, што адзеўшыся ў пазорыстае адзецьце, скажаце яму: «Табе добра сесьці тут», а беднаму скажаце: «Ты стань там» або: «Садзіся тут ля ног маіх»,
4 Дык ціж вы не зрабілі розьніцы мяжсобку і сталі судзьдзямі з благімі думкамі?
5 Паслухайце, браты мае любовыя: ці ня бедных сьвету абраў Бог быць багатымі вераю і спадкаемцамі гаспадарства, каторае Ён абяцаў тым, што любяць Яго?
6 А вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас і цягнуць вас да судоў?
7 І ці не блявузґаюць на дасканальнае імя, каторым вы завіцеся?
8 Калі вы поўніце закон каралеўскі, подле Пісьма: «Будзеш любіць бліжняга, як самога сябе», добра робіце;
9 Але калі зважаеце на асобы, грэх чыніце, будучы засуджаны законам як выступнікі.
10 Бо хто зьдзяржыць увесь Закон і спатыкнецца ў вадным чым-колечы, тый стаецца вінным у вусім.
11 Бо тый жа, хто сказаў: «Не чужалож», сказаў і: «Не забі»; затым, калі ты не чужаложыш, але заб’еш, ты стаў выступнікам із Закону.
12 Гэтак кажыце і гэтак рабіце, як маючыя быць суджаны подле закону свабоды.
13 Бо суд безь міласэрдзя таму, хто ня выказаў міласэрдзя; міласэрдзе ўзьнімаецца над судам.
14 Што за карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, але ўчынкаў ня мае? ці можа вера спасьці яго?
15 Вось жа, калі брат альбо сястра голыя і ня маюць штадзеннае ежы,
16 І хтось з памеж вас скажа ім: «Ідзіце ў супакою, грэйцеся й жывіцеся», але ня дасьць ім патрэбнага дзеля цела: што за карысьць?
17 Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, мертвая сама ў сабе.
18 Але хто-колечы скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі: пакажы імне веру сваю бяз учынкаў сваіх, а я пакажу тэ’ веру сваю з учынкаў сваіх».
19 Ты верыш, што Бог адзін: добра робіш; і нячысьцікі вераць і дрыжаць.
20 Але ці хочаш верыць, марны чалавеча, што вера бяз учынкаў мертвая?
21 Ці ня ўчынкамі аправіўся Абрагам, айцец наш, як аброк на аброчнік Ісака, сына свайго?
22 Ты бачыш, што вера судзеяла з учынкамі ягонымі, і ўчынкамі вера стала дасканальнай.
23 І выпаўнілася Пісьмо, каторае кажа: «Верыў Абрагам Богу, і гэта было залічана яму за справядлівасьць», і ён названы прыяцелям Божым.
24 Ці бачыце, што чалавек правіцца ўчынкамі, а ня вераю толькі?
25 Падобна й Рагаў бязуля ціж ня ўчынкамі аправілася, як яна прыняца ўчынкамі, а ня вераю толькі? дарогаю?
26 Бо, як цела бяз духа мертвае, так і вера бяз учынкаў мертвая.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Суборны ліст сьвятога Якава апостала, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.