Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Да Галятаў 1 Да Галятаў 1 разьдзел

1 Паўла апостал, не ад людзёў ані пераз чалавека, але перазь Ісуса Хрыста а Бога Айца, Каторы ўскрысіў Яго зь мертвых,
2 І ўсі браты з імною — цэрквам Ґаляцкім:
3 Ласка вам а супакой ад Бога Айца а Спадара нашага Ісуса Хрыста,
4 Каторы аддаў Сябе за грахі нашы, каб выбавіць нас ад цяперашняга благога веку, подле волі Бога й Айца нашага,
5 Катораму слава на векі вякоў. Амін.
6 Дзіўлюся, што вы так уборзьдзе адхінаецеся да іншае дабравесьці ад тога, хто вас пагукаў да ласкі Хрыстовае,
7 Каторая ня іншая, але ё некатрыя, што вас парушаюць і хочуць абярнуць Евангелю Хрыстову.
8 Але калі б нават мы альбо ангіл ізь неба дабравесьціў, апрача тога, што мы дабравесьцім, няхай будзе пракляты.
9 Як мы казалі ўперад, і цяпер ізноў кажу: калі б хто абяшчаў вам Евангелю, апрача тае, што вы прынялі, няхай будзе пракляты.
10 Бо ці ў людзёў я шукаю зычлівасьці, ці ў Бога? або ці людзём гадзіць стараюся? Калі б я яшчэ гадзіў людзём, ня быў бы нявольнік Хрыстоў.
11 Паведамляю вам, браты, што Евангеля, каторую я абяшчаў, ня ё подле чалавека;
12 Бо й я прыняў яе й навучыўся не ад чалавека, але з аб’яўленьня Ісуса Хрыста.
13 Вы чулі праз пярэдні паступак мой у Юдаізьме, што я надзвычайна перасьледаваў царкву Божую й губіў яе,
14 І выпераджаў у Юдаізьме шмат каго з равесьнікаў у народзе сваім, будучы нямерна рупатлівы праз навуку айцоў сваіх.
15 Як жа Бог, Каторы аддзяліў мяне ад улоньня маці мае і пагукаў мяне ласкаю Сваёй,
16 Аб’явіў Сына Свайго імне, каб я мог абяшчаць Дабравесьць Ягоную памеж народаў, — я зараз не парадзіўся зь целам а крывёй,
17 Ані зышоў да Ерузаліму да тых апосталаў, што былі перад імною, але пайшоў да Арабы і ўзноў зьвярнуўся да Дамашку.
18 Потым, за тры гады, я хадзіў да Ерузаліму даведацца да Кіфы і заставаўся зь ім дзён пятнанцаць.
19 Ніякага ж іншага з апосталаў я ня бачыў, апрача Якава, брата Спадаровага.
20 (Цяпер, што я пішу вам, вось, перад Богам, не маню).
21 Тады я пайшоў да краёў Сыры а Кілікі.
22 Але ня быў я ведамны асабіста цэрквам у Юдэі, каторыя ў Хрысту;
23 Толькі яны чулі, што «Тый, каторы перасьледаваў нас некалі, цяпер абяшчае Евангелю веры, каторую калісь губіў»,
24 І славілі за мяне Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст сьвятога Паўлы апостала да Галятаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.