Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Да Галятаў 5 Да Галятаў 5 разьдзел

1 Хрыстос вывальніў нас да волі; дык стойце цьверда і не паддавайцеся ізноў пад іго няволі.
2 Вось, я Паўла кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.
3 Яшчэ сьветчу кажнаму чалавеку, каторы абразаецца, што ён мае споўніць увесь Закон.
4 Вы, што правіцеся Законам, спабыліся Хрыста, адпалі ад ласкі,
5 Бо мы Духам зь веры жджэм справядлівасьці;
6 Бо ў Хрысту Ісусу ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, што дзее міласьцяй.
7 Вы беглі добра; хто пераказіў вам, каб вы ня слухалі праўды?
8 Гэтае перакананьне не ад Гукаючага вас.
9 Ад малое закісі кісьне ўсе цеста.
10 Я спадзяюся ўзглядам вас у Спадару, што вы ня будзеце думаць накш; а хто вас парушае, будзе мець рассудак свой, хто б ён ня быў.
11 Чаму, браты, мяне яшчэ перасьлядуюць, калі я яшчэ абяшчаю абразаньне? Тады спатыкненьне крыжа было б аддалена.
12 О каб былі нават адрэзаны тыя, што вас парушаюць!
13 Бо вы, браты, пагуканыя да свабоды, адно каб пад прыклепам свабоды не гадзіць целу; але міласьцяй слугуйце адзін аднаму.
14 Бо ўвесь Закон у вадным слове замыкаецца: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе».
15 Калі ж вы адны адных грызіце а ясьце, глядзіце, каб ня выгубілі адны адных.
16 Я кажу: хадзіце Духам, і вы ніяк ня будзеце чыніць досыць жадлівасьцям цела;
17 Бо цела жадае напярэк Духа, і Дух —напярэк цела: яны праціўныя адно аднаму, каб вы не рабілі таго, чаго хочаце.
18 Калі ж вы воджаныя Духам, дык вы не пад Законам.
19 Учынкі цела яўныя, яны ё: чужалоства, бязулства, нечысьціня, аблуд,
20 Балвахвалства, чары, ненавіднасьць, сьпярэчкі, завіднасьць, гнеў, нязгода, падманы, падзелы, гэрасі,
21 Завісьць, забіўствы, п’яцства, буянства і да гэтых падобныя. Кажу наперад, як і ўперад казаў, што гэта чынячым не спадзець гаспадарства Божае.
22 Плод жа Духа: міласьць, радасьць, супакой, цярплівосьць, зычлівасьць, дабрыня, вернасьць,
23 Лагоднасьць, валоданьне сабою. На гэткіх няма Закону.
24 Але тыя, што Хрыстовы, укрыжавалі цела із жадобамі й жадамі.
25 Калі мы жывем Духам, хадзіма таксама Духам.
26 Ня гальмася на пустую славу, квелячы адзін аднаго, завідуючы адзін аднаму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст сьвятога Паўлы апостала да Галятаў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.