1 На пачатку было Слова, і Слова было з Богам, і Слова было Бог.
2 Яно было на пачатку з Богам.
3 Усе перазь Яго сталася, і безь Яго нічога ня было стаўшыся, што сталася.
4 У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлінёю людзёў.
5 І сьвятліня сьвеце ў цямноце, і цямнота яе не агарнула.
6 Быў чалавек пасланы ад Бога, імя ягонае Яан.
7 Ён прышоў дзеля сьветчаньня, каб сьветчыць празь Сьвятліню, каб усі ўверылі перазь яго.
8 Ён ня быў Сьвятліня, але каб сьветчыць празь Сьвятліню.
9 Была праўдзівая Сьвятліня, што асьвячае кажнага чалавека, на сьвет прыходзячага.
10 На сьвеце быў, і сьвет стаўся перазь Яго, і сьвет Яго не пазнаў.
11 Да сваіх собскіх прышоў, і собскія Ягоныя не прынялі Яго.
12 Але ўсім тым, што прынялі Яго, даў ім права стаць дзецьмі Божымі, тым, што вераць у імя Ягонае,
13 Каторыя ня з крыві, ані з волі цела, ані з волі мужа, але з Бога нарадзіліся.
14 І Слова стала целам, і вітала памеж нас (і мы бачылі славу Ягоную, славу як адзінароднага ад Айца), поўнае ласкі а праўды.
15 Яан сьветча празь Яго і гукаў, кажучы: «Гэта быў тый, праз Каторага я сказаў: "Хто прыходзе за імною, выперадзіў мяне, бо быў перад імною"»;
16 Бо з паўніні Ягонае ўсі мы прынялі і ласку на ласку.
17 Бо Бог закон Масеям быў даўшы; ласка а праўда сталася перазь Ісуса Хрыста.
18 Бога ніхто ніколі ня бачыў, адзінародны Сын, што ёсьць у ўлоньню Айцоўскім, Ён аб’явіў.
19 І гэта сьветчаньне Яанава, як паслалі да Яго Юдэі зь Ерузаліму сьвятароў а Левітаў, каб маглі папытацца ў Яго: «Хто Ты?»
20 І ён вызнаў, і не заперачыў, і вызнаў: «Я ня Хрыстос».
21 І папыталіся ў Яго: «Дык што ж? ты Ільля?» і ён адказаў: «Не». «Прарока?» і ён адказаў «Не».
22 Дык сказалі яму: «Хто ж ты, каб мы далі адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш празь сябе самога?»
23 Ён сказаў: «Я голас гукаючага на пустыні: "Прастайце сьцежку Спадару", як сказаў Ісая прарока».
24 Пасланыя ж былі з фарысэяў;
25 І яны папыталіся ў яго, і сказалі яму: «Чаму ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ані Ільля, ані прарока?»
26 Яан адказаў ім, кажучы: «Я хрышчу ў вадзе; стаіць сярод вас, Каторага ня знаеце,
27 Тый, што прыходзе за імною, у Каторага вобую я ня гожы разьвязаць рэменьчыка».
28 Гэта сталася ў Віфані за Ёрданом, ідзе Яан хрысьціў.
29 Назаўтрае бача ён ідучага да сябе Ісуса й кажа: «Во Ягнётка Божае, што бярэць грэх сьвету.
30 Ён ё, праз Каторага я сказаў: "За імною ідзець муж, Каторы выперадзіў мяне, бо Ён быў уперад за мяне.
31 І я ня знаў Яго, але каб Ён быў выяўлены Ізраелю, дзеля таго я прышоў хрысьціць у вадзе"».
32 І сьветчыў Яан, кажучы: «Я бачыў Духа, што зыходзіў, як галуба, зь неба, ды перабываў на Ім.
33 І я ня знаў Яго; але Тый, што паслаў мяне хрысьціць у вадзе, Тый сказаў імне: «Над кім абачыш Духа, што зыходзе і застаецца на Ім, Тый ё, што хрысьце ў Духу Сьвятым»;
34 І я бачыў, і сьветчыў, што Гэты ё Сын Божы».
35 Назаўтрае ізноў стаяў Яан і двух вучанікаў ягоных.
36 І, абачыўшы йдучага Ісуса, сказаў: «Гэта Ягнётка Божае».
37 І пачулі два вучанікі, як ён казаў, і пайшлі за Ісусам.
38 Ісус жа, абярнуўшыся і абачыўшы іх ідучых за Ім, кажа ім: «Чаго шукаеце?» А яны сказалі яму: «Раббі! (што знача ў перакладзе: Вучыцелю!) ідзе перабываеш?»
39 Кажа ім: «Прыйдзіце й абачча». Дык яны пайшлі й абачылі, ідзе Ён перабывае, і прабылі ў Яго тый дзень. Было каля дзясятае гадзіны.
40 Андрэй, брат Сымона Пётры, быў адзін із двух, што чулі ад Яана і пайшлі за Ім.
41 Знаходзе ён першы брата свайго собскага Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Месію», што знача ў перакладзе: Хрыстос.
42 І прывёў яго да Ісуса. Ісус, гледзячы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Ёнін; ты будзеш звацца Кіфа, што ў перакладзе: камень.
43 Назаўтрае хацеў Ісус ісьці да Ґалілеі, і знаходзе Піліпа, і кажа яму: «Ідзі за Імною».
44 Піліп жа быў зь Віфсаіды, места Андрэявага а Пётравага.
45 Піліп знаходзе Нафанайлу й кажа яму: «Мы знайшлі Таго, праз Каторага Масей пісаў у законе а прарокі, Ісуса, сына Язэпавага з Назарэту».
46 А Нафанайла кажа яму: «Ці можа з Назарэту быць што добрае?» Піліп кажа яму: «Ідзі й глянь».
47 Ісус, абачыўшы йдучага да Яго Нафанайлу, кажа празь яго: «Вось, запраўды Ізраелянін, у каторым няма хітрыні».
48 Нафанайла кажа Яму: «Скуль Ты мяне знаеш?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Уперад чымся Піліп гукнуў цябе, як ты быў пад фіґаю, Я бачыў цябе».
49 Нафанайла адказаў Яму: «Раббі! Ты Сын Божы, Ты Кароль Ізраельскі».
50 Ісус адказаў і сказаў яму: «Затым што Я сказаў табе: "Я бачыў цябе пад фіґаю", — ты верыш? абачыш балей за гэта».
51 І кажа яму: «Запраўды, запраўды кажу вам: адгэтуль абачыце неба адчыненае й ангілаў Божых узыходзячых і зыходзячых на Сына Людзкога».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангеля подле сьвятога Яана, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.