ПРАЛОГ

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2 Яно было ў Бога на пачатку.
3 Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.
4 У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей.
5 А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
6 З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян.
7 Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго.
8 Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.
9 Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.
10 У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго.
11 Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.
12 А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае,
13 якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
14 Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.
15 Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».
16 Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі.
17 Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста.
18 Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ І ЮДЭІ

Сведчанне Яна Хрысціцеля

19 Вось сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: «Хто ты?»
20 Ён абвясціў, не выракся і вызнаў: «Я не Месія».
21 І спыталіся ў яго: «Дык хто ж? Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не».
22 Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?»
23 Ён сказаў:

«Я голас таго, хто кліча ў пустыні:
“Раўняйце дарогу Пану”,
як сказаў прарок Ісая».

24 А пасланцы былі з фарысеяў.
25 І яны спыталіся ў яго: «Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок?»
26 Ян сказаў ім у адказ: «Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце,
27 той, хто ідзе за мною, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных».
28 Сталася гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.
«Вось Баранак Божы»

29 На другі дзень убачыў Ян Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету.
30 Гэта той, пра якога я сказаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне.
31 Я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю».
32 І засведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, які сыходзіў як голуб з неба і застаўся на Ім.
33 Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: “Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым”.
34 І я бачыў, і засведчыў, што Ён — Сын Божы».
Першыя вучні

35 На другі дзень зноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных
36 і, убачыўшы Езуса, які ішоў, сказаў: «Вось Баранак Божы».
37 Пачулі двое вучняў яго, што ён казаў, і пайшлі за Езусам.
38 А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: «Чаго шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?»
39 Ён сказаў ім: «Ідзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень. Было каля дзесятай гадзіны.
40 Адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
41 Знайшоўшы спачатку брата свайго Сымона, сказаў яму: «Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)».
42 І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас», што азначае «Пётр», «скала».
43 На другі дзень хацеў Езус пайсці ў Галілею. Знайшоўшы Філіпа, сказаў яму: «Ідзі за Мною».
44 Філіп быў з Бэтсаіды, з горада Андрэя і Пятра.
45 Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: «Мы знайшлі таго, пра каго пісалі Майсей у Законе і Прарокі, — Езуса з Назарэта, сына Юзафа».
46 Але Натанаэль сказаў яму: «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» Філіп адказаў яму: «Ідзі і паглядзі».
47 Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, кажа пра яго: «Вось сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падману».
48 Натанаэль адказаў Яму: «Адкуль Ты ведаеш мяне?» Езус адказаў яму: «Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю».
49 Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі, Ты Сын Божы! Ты Кароль Ізраэля!»
50 Езус сказаў яму ў адказ: «Ты верыш, бо Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта».
51 І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба раскрытае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Яна, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019