Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Яна 16 Паводле Яна 16 разьдзел

1 Я сказаў вам гэта, каб вы не зняверыліся.
2 Вас адлучаць ад сінагогі. Але прыходзіць час, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што здзяйсняе пакланенне Богу.
3 І так будуць рабіць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне.
4 Але я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе іхні час, згадалі тое, што Я сказаў вам. Я не казаў вам гэтага ад пачатку, бо Я быў з вамі.
Дух Суцяшыцель

5 Цяпер Я адыходжу да таго, хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?”
6 Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў сэрца вашае.
7 Аднак Я кажу вам праўду: лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас. А калі адыду, пашлю Яго да вас.
8 Калі Ён прыйдзе, пераканае свет наконт граху, справядлівасці і суда.
9 Наконт граху, бо не вераць у Мяне.
10 Наконт справядлівасці, бо іду да Айца, і вы ўжо не ўбачыце Мяне.
11 Наконт суда, бо князь гэтага свету ўжо асуджаны.
12 Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці.
13 Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам.
14 Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам.
15 Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.
Смутак ваш абернецца ў радасць

16 Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне».
17 Некаторыя з вучняў сказалі адзін аднаму: «Што гэта Ён кажа нам: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне,” і: “Я іду да Айца”?»
18 Казалі таксама: «Што гэта значыць: “Яшчэ крыху”? Не ведаем, што Ён кажа».
19 А Езус пазнаў, што хацелі ў Яго спытаць, і сказаў ім: «Распытваецеся адзін у аднаго пра тое, што Я сказаў: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне?”
20 Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш абернецца ў радасць.
21 Жанчына, калі нараджае, смуткуе, бо прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіця, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет.
22 Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас.
23 У той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам.
24 Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўнай.
25 Гэта Я казаў вам у прыпавесцях. Надыходзіць час, калі ўжо не ў прыпавесцях буду казаць, а адкрыта абвяшчу вам пра Айца.
26 У той дзень будзеце прасіць у імя Маё. І не кажу, што Я буду прасіць Айца за вас.
27 Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі, што Я выйшаў ад Бога.
28 Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца».
29 Вучні сказалі Езусу: «Вось цяпер Ты гаворыш адкрыта і не кажаш ніякай прыпавесці.
30 Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе. Таму верым, што Ты прыйшоў ад Бога».
31 Езус адказаў ім: «Цяпер верыце?
32 Вось надыходзіць час і ўжо настаў, калі вы рассеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною.
33 Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Яна, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019