1 Гэта усё сказаў Я вам, каб вы не спадмануліся.
2 Выганяць вас будуць з сынагогаў; дый гадзіна надыходзіць, калі кажны, хто забъе вас, будзе думаць, што служыць гэтым Богу.
3 І гэтак будуць рабіць вам, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.
4 Але сказаў Я вам гэта, каб вы, як прыйдзе той час, прыпомнілі, што Я гаварыў вам пра гэта; не гаварыў-жа вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
5 Цяпер-жа іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды ідзеш?
6 Але затым, што Я сказаў вам гэта, сум напоўніў сэрца вашае.
7 І ўсё-ж, Я праўду кажу вам: ляпей для вас, каб Я пайшоў; бо калі Я не пайду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас, калі-ж пайду, пашлю Яго да вас.
8 І Ён, прыйшоўшы, карыцімець сьвет адносна грэху, справядлівасьці і суду.
9 Адносна грэху, бо ня вераць у Мяне;
10 Адносна справядлвасьці, бо Я іду да Айца Майго, і ужо ня будзеце бачыць Мяне;
11 Адносна суду, бо валадар гэтага сьвету засуджаны.
12 Яшчэ шмат маю сказаць вам, але вы ня здолееце перанесьці гэтага цяперака.
13 Калі-ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык навучыць вас усякае праўды, бо не ад Сябе гаварыціме, але гаварыціме тое, што пачуе, і абвесьціць вам, што мае прыйсьці.
14 Ён уславіць Мяне, затым што ад Майго возьме і вам абвесьціць.
15 Усё, што мае Ацец, ёсьць Маё; дык Я і сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам.
16 Хутка вы не пабачыце Мяне; дый ізноў хутка ўгледзіце Мяне, бо Я іду да Айца.
17 Тады некаторыя зь Ягоных вучняў гаварылі: між сабою: што гэта Ён кажа нам: хутка ня будзеце бачыць Мяне ды зноў хутка ўгледзіце Мяне, і Я іду да Айца?
18 Затым казалі яны: што гэта значыць, калі кажа Ён: хутка? Ня ведаем што кажа.
19 І пазнаў Ісус, што хочуць спытацца ў Яго, і сказаў ім: ці пра тое пытаецеся адзін аднаго, што сказаў: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўгледзіце Мяне?
20 Запраўды, запраўды кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет будзе радавацца; вы сумнымі будзеце, але сум ваш абернецца ў радасьць.
21 Жанчына, калі родзіць, тужыць, што прыйшла гадзіна яе, але, калі народзіць дзіця, ад радасьці, ужо не памятае тугі, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.
22 Гэтак і вы, цяперака тужыце, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто не адбярэ ад вас.
23 І ў той дзень вы ня будзеце пытацца ў Мяне пра нічога. Запраўды, запраўды кажу вам: штоколечы папросіце Айца ў імя Маё, дасьць вам.
24 Да сягоньня вы нічога не прасілі ў імя Мае; прасеце і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўная.
25 Дагэтуль Я гаварыў вам прыповесьцямі; але надыходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць прыповесьцямі, але проста апавяшчу вам пра Айца.
26 У той дзень прасіцімеце ў імя Маё, і не кажу вам, што буду прасіць Айца за вас.
27 Бо Ацец Сам любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога.
28 Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет і зноў пакдаю сьвет ды іду да Айца.
29 Вучні Ягоныя сказалі Яму: вось Ты цяперака проста гаворыш і някае прыповесьці ня кажаш.
30 Цяперака мы пэўнымі зьяўляемся, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся Цябе. Затым верым, што Ты ад Бога зыйшоў.
31 Ісус адказаў ім: цяперака верыце?
32 Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо надыйшла, калі вы расьцярушыцеся кажны ў свой бок і пакінеце Мяне аднаго: і ўсё-ж, Я не зьяўляюся адзін, бо Ацец са Мною ёсьць.
33 Гэта сказаў Я вам, каб вы супакой мелі ўва Мне. На сьвеце гора мець будзеце, але будзьце добрае думкі: Я перамог сьвет.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Сьв. Яна Эвангеле, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.