1 Гэтае Я сказаў вам, каб вы не зьняверыліся.
2 Вас выключаць із сынагогаў; ды прыйдзе гадзіна, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што гэтым служыць Богу.
3 І гэтак будуць рабіць вам, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне.
4 Але Я сказаў вам гэтае дзела таго, каб вы, як прыйдзе той час, прыпомнілі, што Я вам гаварыў аб гэтым; не гаварыў-жа вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
5 Цяпер-жа йду да Таго, Хто паслаў Мяне і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды йдзеш?
6 Але дзеля таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў вашае сарца.
7 Але Я праўду кажу вам: ляпей для вас, каб Я адыйшоў, бо калі Я не адыйду, Суцяшыцель ня прыйдзе да вас; калі-ж пайду, пашлю Яго вам.
8 І Ён, прыйшоўшы, пераканае сьвет аб граху, аб справядлівасьці і аб судзе.
9 Аб граху, што ня вераць у Мяне;
10 аб справядлівасьці, бо Я йду да Майго Айца і ўжо ня ўбачыце Мяне;
11 аб судзе, бо ўжо засуджаны князь гэтага сьвету.
12 Яшчэ маю многа сказаць вам, але вы цяпер ня здолееце перанесьці.
13 Калі-ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то навучыць вас усякае праўды, бо не ад сябе будзе гаварыць, але будзе гаварыць, што пачуе і абвесьціць вам, што мае прыйсьці.
14 Той уславіць Мяне, бо з Майго возьме і абвесьціць вам.
15 Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; дык Я і сказаў, што возьме ад Майго і абвесьціць вам.
16 Хутка ня будзеце бачыць Мяне; ды-й зноў хутка ўгледзіце Мяне, бо йду да Айца.
17 І гаварылі некаторыя з Ягоных вучнаў між сабою: што гэта Ён гаворыць нам: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўгледзіце Мяне, ды што Я йду да Айца?
18 І гаварылі: што гэта значыць, што Ён кажа: хутка? Не разумеем, што гаворыць.
19 І пазнаў Ісус, што хочуць спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб чым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: хутка ня будзеце бачыць Мяне і зноў хутка ўбачыце Мяне?
20 Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет уцешыцца; вы будзеце сумныя, але ваш сум заменіцца ў радасьць.
21 Жанчына, калі родзіць, журыцца, што прыйшла яе гадзіна, але калі народзіць дзіця, ужо ня помніць болю ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет.
22 Так і вы цяпер маеце журбу, але Я ўбачу вас зноў, і ўзрадуецца вашае сэрца, і вашае радасьці ніхто не забярэ ад вас.
23 І ў той дзень ні аб чым ня будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам, чаго толькі папросіце Айца, дасьць вам у Маё імя.
24 Да сёньня вы нічога не прасілі ў Маё імя; прасеце і дастанеце, каб радасьць вашая была поўная.
25 Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі, але надходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам аб Айцу.
26 У той дзень будзеце прасіць у Маё імя, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас,
27 бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога.
28 Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у сьвет ды йду да Айца.
29 Ягоныя вучні сказалі Яму: вось Ты цяпер проста гаворыш і ня кажаш ніводнае прыповесьці.
30 Цяпер ведаем, што Ты знаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе. Дзеля гэтага верым, што Ты выйшаў ад Бога.
31 Ісус сказаў ім: цяпер верыце?
32 Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, калі вы расьсеецеся кожны ў свой бок і пакінеце Мяне аднаго, Але Я не адзін, бо са Мною Айцец.
33 Гэтае Я сказаў вам, каб вы мелі мір ува Мне. На сьвеце будзе мець гора, але будзьце бадзёрымі, Я перамог сьвет.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле Івана, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.