Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Івана 15 Эвангельле Івана 15 разьдзел

1 Я ёсьць сапраўдная вінаградзіна, а Мой Айцец вінаградар.
2 Усякую галінку ўва Мне, якая ня родзіць, Ён адсякае, і ўсякую, што родзіць, абчышчае, каб давала больш пладоў.
3 Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я сказаў вам.
4 Будзьце-ж ува Мне і Я ў вас. Як галінка ня можа радзіць сама сабою, калі ня будзе на вінаградзіне, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
5 Я вінаградзіна, а вы галінкі; хто прабывае ўва Мне і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў; бо без Мяне ня можаце даканаць нічога.
6 Хто ня будзе ўва Мне, будзе выкінены вон, як галінка і засохне; падбяруць яе ды кінуць у вагонь і яна згарыць.
7 Калі будзеце ўва Мне і Мае словы будуць у вас, то чаго захочаце, прасеце, і станецца вам.
8 Гэтым уславіцца Мой Айцец, калі вы прынесяце багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.
9 Як палюбіў Мяне Айцец, так Я палюбіў вас; трывайце-ж у Маёй любові,
10 Калі будзеце выконваць Мае прыказаньні, будзеце ў Маёй любові, як і Я выконваў прыказаньні Майго Айца і трываю ў Яго любові.
11 Гэтае Я сказаў вам, каб была ў вас Мая радасьць і каб вашая радасьць была поўная.
12 Вось Маё прыказаньне: любецеся ўзаемна, як Я палюбіў вас.
13 Ніхто ня мае большае любові за тую, калі хто аддасьць сваё жыцьцё за сваіх прыяцялёў.
14 Вы мае прыяцялі, калі выконваеце тое, што Я загадваю вам.
15 Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць ягоны гаспадар, а Я называю вас прыяцялямі, бо ўсё, што Я чуў ад Майго Айца, сказаў вам.
16 Ня вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і паставіў, каб ішлі і прыносілі плод, і каб ваш плод трываў, каб што просіце ў Айца ў Маё імя, даў вам.
17 Гэтае загадваю вам: любеце сябе ўзаемна.
18 Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне перш чым вас зьненавідзеў.
19 Калі-б вы былі са сьвету, то сьвет любіў-бы сваё, але як вы не са сьвету, бо Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.
20 Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за свайго гаспадара. Калі Мяне прасьледавалі, будуць прасьледаваць і вас; калі захоўвалі Маё слова і вашае слова захаваюць.
21 Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля Майго імені, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
22 Калі-б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня мелі-б граху; а цяпер ня маюць апраўданьня ў сваім граху.
23 Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Майго Айца.
24 Калі-б Я не зрабіў сярод іх таго, чаго ніхто не зрабіў, то ня мелі-б граху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі Мяне і Майго Айца,
25 Але няхай сбудзецца слова, напісанае ў іхным законе: зьненавідзелі Мяне дарэмна (Пс. 68:5).
26 Калі-ж прыйдзе Суцяшыцель, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які паходзіць ад Айца, Ён будзе сьведчыць аба Мне.
27 Ды і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле Івана, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.