Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Іаана 15 Іаана 15 разьдзел

1 Я — праўдзівая вінаградная Лаза, а Мой Бацька — Вінаградар.
2 Кожную галіну на Мне, што не родзіць плода, Ён адцінае, і кожную, што родзіць плод, ачышчае, каб радзіла больш плода.
3 Вы ўжо чыстыя праз слова, якое сказаў Я вам;
4 Застаньцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна не можа радзіць плода сама з сябе, калі не застаецца на лазе, так не можаце і вы, калі ўва Мне не застаняцеся.
5 Я — вінаградная Лаза, вы — галіны. Хто ўва Мне застаецца, а Я ў ім, той прыносіць шмат плода, бо без Мяне вы нічога не можаце рабіць.
6 Калі хто не застанецца ўва Мне, — ён будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
7 Калі застаняцеся ўва Мне і Мае словы ў вас застануцца, чаго хочаце, прасіце, і будзе вам.
8 У тым праславіцца Мой Бацька, што вы шмат плода дасце і будзеце Маімі вучнямі.
9 Як палюбіў Мяне Бацька, так і Я вас палюбіў: заставайцеся ў Маёй любові.
10 Калі вы будзеце выконваць Мае запаведзі, вы застаняцеся ў Маёй любові, як Я запаведзі Майго Бацькі збярог і застаюся ў Яго любові.
11 Гэта сказаў Я вам, каб Мая радасць была ў вас і ваша радасць была поўная.
12 Гэта — Мая запаведзь, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
13 Ніхто не мае большай любові, чым тая, калі хто сваё жыццё41 аддасць за сваіх сяброў.
14 Вы мае сябры, калі робіце тое, што Я запаведую вам.
15 Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб не ведае, што робіць яго гаспадар; а вас Я назваў сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Майго Бацькі, Я даў знаць вам.
16 Не вы Мяне выбралі, а Я выбраў вас і паставіў вас, каб вы ішлі і плод давалі, і ваш плод заставаўся, каб, чаго вы Бацьку ні папрасілі ў Маё імя, Ён даў вам.
17 Гэта і запаведую вам, каб вы любілі адзін аднаго.
18 Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне ён раней за вас зненавідзеў.
19 Калі б вы ад свету былі, свет любіў бы сваё; а таму што вы не ад свету, а Я выбраў вас ад свету, таму ненавідзіць вас свет.
20 Помніце слова, якое Я сказаў вам: «Раб не большы за свайго гаспадара». Калі Мяне гналі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выконвалі, і ваша будуць выконваць.
21 Але гэта ўсё будуць рабіць вам з-за Майго імя, бо не ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
22 Калі б Я не прыйшоў і не казаў ім, яны не мелі б граху; цяпер жа яны не маюць апраўдання за свой грэх.
23 Той, хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Майго Бацьку.
24 Калі б Я не зрабіў між іх спраў, якіх ніхто іншы не зрабіў, яны не мелі б граху; цяпер жа яны і бачылі, і зненавідзелі і Мяне, і Майго Бацьку.
25 Але гэта для таго, каб спраўдзілася слова, напісанае ў іх законе: «Зненавідзелі Мяне без прычыны».
26 Калі [ж] прыйдзе Абаронца, Якога я пашлю вам ад Бацькі, Дух праўды, што ад Бацькі зыходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне;
27 і вы таксама павінны сведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.

Каментары ці зноскі:

13 41: Угр. Мове гэтае слова мае таксама значэнне: душа.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Іаана, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014