Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Іаана 9 Іаана 9 разьдзел

1 І, праходзячы, Ён убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння.
2 І Яго вучні спыталіся ў Яго, кажучы: Равві, хто саграшыў: ён ці яго бацькі, што нарадзіўся сляпым?
3 Ісус адказаў: Ні ён не саграшыў, ні яго бацькі, а каб на ім былі выяўлены ўчынкі Божыя.
4 Нам25 трэба рабіць справы Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць.
5 Пакуль Я ў свеце, Я святло свету.
6 Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў сумесь са сліны і памазаў яму26 сумессю вочы,
7 і сказаў яму: Ідзі, памыйся ў купальні Сілаам (што перакладаецца: «Пасланы»). — І той пайшоў, памыўся і прыйшоў відушчым.
8 Тады суседзі і тыя, якія бачылі раней яго, што ён быў папрасімцам27, казалі: Ці не той гэта, што сядзеў і прасіў?
9 Адны казалі: Гэта ён. — Другія казалі: Не, але падобны да яго. — Ён [жа] казаў: Гэта я.
10 Тады спыталіся ў яго: Як [жа] адкрыліся твае вочы?
11 Той адказаў: Чалавек, Якога зваць Ісус, зрабіў сумесь, памазаў мае вочы і сказаў мне: «Ідзі ў Сілаам28 і памыйся». І вось я пайшоў і, памыўшыся, стаў бачыць.
12 І сказалі яму: Дзе Ён? — Той кажа: Не ведаю.
13 Вядуць яго, былога сляпога, да фарысеяў.
14 А была субота ў той дзень, калі Ісус зрабіў сумесь і адкрыў яму вочы.
15 Дык зноў спыталіся ў яго і фарысеі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: Ён паклаў мне сумесь на вочы, і я памыўся — і бачу.
16 Тады некаторыя з фарысеяў казалі: Не ад Бога Гэты Чалавек, бо не захоўвае суботы. — [А] іншыя казалі: Як можа грэшны чалавек рабіць такія знакі? — І быў разлад у іх.
17 Тады зноў пытаюцца ў сляпога: Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адкрыу табе вочы? — Той жа сказаў: Ён Прарок.
18 Іудзеі тады не паверылі яму, што ён быў сляпы і стаў бачыць, аж пакуль не паклікалі бацькоў гэтага чалавека, што зрабіўся відушчым,
19 і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сляпым? Як жа ён цяпер бачыць?
20 Тады ў адказ яго бацькі сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым;
21 а як ён цяпер бачыць, не ведаем, або хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; спытайцеся ў яго, ён дарослы, сам пра сябе скажа.
22 Яго бацькі сказалі гэта, таму што баяліся іудзеяў; бо іудзеі ўжо ўмовіліся: каб таго, хто вызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сінагогі.
23 Таму яго бацькі сказалі: «Ён дарослы, у яго спытайцеся».
24 Дык яны другі раз паклікалі чалавека, што быў сляпы, і сказалі яму: Уздай славу Богу; мы ведаем, што Гэты Чалавек — грэшнік.
25 Дык той адказаў: Ці Ён грэшнік, я не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.
26 Тады яны сказалі яму: Што Ён зрабіў табе? Як адкрыў табе вочы?
27 Ён адказаў ім: Я ўжо сказаў вам, ды вы не слухалі. Што хочаце зноў пачуць? Ці не хочаце і вы зрабіцца Яго вучнямі?
28 І яны вылаялі яго і сказалі: Ты вучань Таго, а мы вучні Маісеевы;
29 мы ведаем, што Маісею казаў Бог, а пра Гэтага мы не ведаем, адкуль Ён.
30 Той чалавек сказаў ім у адказ: Гэта і дзіўна, што вы не ведаеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы.
31 Мы [ж] ведаем, што грэшнікаў Бог не слухае, але, калі хто богабоязны і Яго волю выконвае, таго Ён слухае.
32 Адвеку не было чуваць, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэння.
33 Калі б Гэты не быў ад Бога, Ён не мог бы рабіць нічога.
34 У адказ яны сказалі яму: У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас? — І выгналі яго вон.
35 Ісус пачуў, што яго выгналі вон, і, знайшоўшы яго, сказаў: Ці веруеш ты ў Сына Чалавечага?29
36 Той сказаў у адказ: А хто Ён, Госпадзе, каб я вераваў у Яго?
37 Ісус сказаў яму: І бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.
38 І той сказаў: Верую, Госпадзе, — і пакланіўся Яму.
39 І Ісус сказаў: На суд Я прыйшоў у гэты свет, каб невідушчыя бачылі, а відушчыя зрабіліся сляпымі.
40 Некаторыя з фарысеяў, што былі з Ім, пачулі гэта і сказалі Яму: Няўжо і мы сляпыя?
41 Ісус сказаў ім: Калі б вы былі сляпыя, не мелі б граху; а як цяпер вы кажаце: «Мы бачым», то ваш грэх застаецца на вас.

Каментары ці зноскі:

4 25: У некат. рукап.: Мне.
6 26: У некат. рукап.: сляпому.
8 27: У некат. рукап.: сляпы.
11 28: У некат. рукап.: да купальні Сілаам.
35 29: У некат. рукап.: Божага.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Іаана, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014