1 Павел і Цімафей, рабы1 Хрыста Ісуса, — усім святым у Хрысце Ісусе, што знаходзяцца ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:
2 ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дзякую майму Богу пры кожным успаміне пра вас,
4 заўсёды, у кожным маім маленні за ўсіх вас, з радасцю творачы малітву,
5 за ваш удзел у дабравешчанні з першага дня аж да гэтага часу,
6 будучы ўпэўнены якраз у гэтым, што Той, Хто пачаў у вас добрую справу, закончыць яе да дня Хрыста Ісуса,
7 як і справядліва мне гэта думаць пра ўсіх вас, таму што я маю вас у сэрцы і ў маіх кайданах, і ў абароне, і ў сцверджанні Дабравесця, усе вы саўдзельнікі ласкі са мною.
8 Бо сведка мне Бог, як я тужу па ўсіх вас у сардэчнай любові Хрыста Ісуса.
9 І аб тым я малюся, каб ваша любоў усё болей і болей прымнажалася ў пазнанні і ўсякім пачуцці,
10 каб вы распазнавалі тое, што лепшае, каб вы былі чыстыя і беззаганныя ў дзень Хрыстоў,
11 напоўненыя пладамі праведнасці, якія праз Ісуса Хрыста, у славу і хвалу Божую.
12 Хачу ж, каб вы ведалі, браты, што мае абставіны спрычыніліся больш да поспеху Дабравесця,
13 так што мае кайданы ў Хрысце сталі вядомыя ўсёй прэторыі і ўсім астатнім;
14 і большасць братоў, упэўненыя ў Госпадзе праз мае кайданы, яшчэ больш бясстрашна адважыліся казаць слова Божае.
15 Некаторыя нават з зайздрасці і спрэчкі, а некаторыя — з добрай волі прапаведуюць Хрыста;
16 адны з любові, ведаючы, што я пастаўлены на абарону Дабравесця,
17 другія ж з-за своекарыслівасці абвяшчаюць Хрыста няшчыра, думаючы, што дадуць цяжару да маіх кайданоў.
18 Так што ж? Толькі тое, што ў кожным разе ці прытворна, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца, і гэтаму я радуюся. Так і буду радавацца,
19 бо я ведаю, што гэта паслужыць мне на выратаванне праз ваша маленне і падтрымку Духа Ісуса Хрыста,
20 паводле майго чакання і надзеі, што я ні ў чым не буду пасаромлены, а з усёю адвагай, як заўсёды, так і цяпер будзе ўзвялічаны Хрыстос у маім целе, ці то праз жыццё, ці праз смерць.
21 Бо для мяне жыць — гэта Хрыстос, і памерці — набытак.
22 А калі жыць у целе — гэта для мяне плод дзейнасці, то я не ведаю, што выберу.
23 Цягне мяне і тое, і другое: мне хочацца адысці і быць з Хрыстом, бо гэта нашмат лепш;
24 а заставацца ў целе — неабходней дзеля вас.
25 І, упэўнены ў гэтым, я ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага поспеху і радасці веры,
26 каб ваша пахвала прымножылася ў Хрысце Ісусе праз мяне пры новым маім прыходзе да вас.
27 Толькі жывіце годна Дабравесця Хрыстовага, каб я, ці прыйшоўшы і ўбачыўшы вас, ці не быўшы, — чуў пра вас, што вы стаіце ў адным духу, аднадушна змагаючыся ўсе разам за евангельскую веру
28 і ні ў чым не баючыся праціўнікаў; гэта для іх ёсць доказ іх пагібелі, а для вас выратавання, і гэта ад Бога;
29 таму што вам было даравана дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і пакутаваць дзеля Яго,
30 маючы такое самае змаганне, якое вы бачылі ўва мне, і пра якое цяпер чуеце, што яно ўва мне.
Каментары ці зноскі:
1 1: Або: рабы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст да Філіпійцаў, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014