Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Галатаў 1 Да Галатаў 1 разьдзел

1 Павел, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, а праз Ісуса Хрыста і Бога Бацькі, Які ўваскрэсіў Яго з мёртвых
2 і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галатыі:
3 ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста,
4 Які аддаў Самога Сябе за нашы грахі, каб выбавіць нас з цяперашняга ліхога веку паводле волі нашага Бога і Бацькі,
5 Якому слава на векі вякоў, амін.
6 Дзіўлюся, што вы так хутка перабягаеце ад Таго, Хто паклікаў вас у ласцы Хрыстовай, да іншага дабравесця,
7 якое не ёсць іншае дабравесце, а ёсць толькі некаторыя людзі, што бударажаць вас і хочуць перавярнуць дабравесце Хрыстова.
8 Але нават калі б мы ці Анёл з неба дабравесціў вам насуперак таму, што мы дабравесцілі вам, — няхай будзе анафема.
9 Як мы раней казалі, і цяпер я зноў кажу: калі хто вам дабравесціць насуперак таму, што вы прынялі, — няхай будзе анафема.
10 Бо цяпер ці ў людзей я шукаю прыхільнасці ці ў Бога? Ці людзям імкнуся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ дагаджаў людзям, я не быў бы слугою1 Хрыстовым.
11 Бо аб’яўляю вам, браты: Дабравесце, якое я дабравесціў, яно не паводле чалавека;
12 бо і я не ад чалавека прыняў яго і навучыўся яму, а праз адкрыццё Ісуса Хрыста.
13 Бо вы чулі пра мае паводзіны некалі ў іудзействе, што я нястрымна гнаў Царкву Божую і вынішчаў яе,
14 і апярэджваў у іудзействе шмат каго з аднагодкаў у маім родзе, будучы празмерным рупліўцам паданняў маіх бацькоў.
15 Калі ж Богу, Які абраў мяне ад улоння маёй маці і паклікаў Сваёю ласкаю, было даспадобы
16 адкрыць ува мне Свайго Сына, каб я дабравесціў Яго між язычнікаў, я не стаў зараз жа раіцца з целам і крывёю,
17 і не ўзышоў у Іерусалім да тых, хто былі Апосталамі да мяне, а пайшоў у Аравію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
18 Потым, праз тры гады, я ўзышоў у Іерусалім пазнаёміцца з Кіфам2 і заставаўся ў яго пятнаццаць дзён;
19 але нікога другога з Апосталаў я не бачыў, акрамя Іякава, брата Гасподняга.
20 А ў тым, што пішу вам, — вось, кажу перад Богам: не хлушу.
21 Потым я прыйшоў у краіны Сірыі і Кілікіі;
22 але мяне не ведалі ў твар цэрквы Іудзеі, якія ў Хрысце,
23 а толькі чулі яны: «Той, хто некалі нас гнаў, цяпер дабравесціць веру, якую некалі вынішчаў»,
24 і славілі Бога за мяне.

Каментары ці зноскі:

10 1: Або: рабом.
18 2: У некат. рукап.: Пятром.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Галатаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014