Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Галатаў 4 Да Галатаў 4 разьдзел

1 Але я кажу: спадкаемец, пакуль ён непаўналетні, нічым не адрозніваецца ад раба, хоць ён і гаспадар усяго,
2 але знаходзіцца пад апекунамі і домакіраўнікамі да часу, вызначанага бацькам.
3 Так і мы, калі былі дзецьмі, былі ў нявольніцтве ў стыхій свету;
4 але прыйшла паўната часу, Бог паслаў Свайго Сына, Які нарадзіўся ад жанчыны, нарадзіўся пад законам,
5 каб Ён выкупіў падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўленне.
6 А таму што вы — сыны, то Бог паслаў у нашы4 сэрцы Духа Свайго Сына, які ўсклікае: Авва, Татухна!
7 Так што ты ўжо не раб, а сын; а калі сын, то і нашчадак праз Бога5.
8 Але тады, не ведаючы Бога, вы былі ў рабстве ў тых, хто з прыроды не багі.
9 Цяпер жа, пазнаўшы Бога, ці хутчэй, пазнаныя Богам, як жа вы зноў вяртаецеся да слабых і бедных стыхій, якім зноў нанова хочаце аддацца ў рабства?
10 Вы прытрымліваецеся дзён, месяцаў, пораў і гадоў.
11 Баюся за вас, ці не марна я працаваў у вас.
12 Будзьце як я; бо і я, як вы; браты, малю вас; вы мяне нічым не пакрыўдзілі;
13 і вы ведаеце, што я ў немачы цела добравесціў вам першы раз;
14 і тым, што было ў маім целе выпрабаваннем для вас, вы не пагарджалі і не адкінулі з грэбаваннем, а як Анёла Божага прынялі мяне, як Хрыста Ісуса.
15 Дык дзе ж тое шчасце ваша? Бо я сведчу вам, што, калі б было можна, вы вырвалі б вочы свае і далі б мне.
16 Так ці зрабіўся я вашым ворагам, кажучы вам праўду?
17 Тыя рупяцца пра вас не з добрых намераў, а хочуць вас адлучыць, каб вы рупіліся аб іх.
18 Добра ж рупіцца аб добрым заўсёды, а не толькі тады, калі я знаходжуся ў вас.
19 Дзеці мае, якіх я зноў у пакутах нараджаю, пакуль не выявіцца ў вас Хрыстос;
20 я хацеў бы цяпер быць у вас і змяніць мой голас, таму што я не магу зразумець вас.
21 Скажыце мне тыя, хто хоча быць пад законам, ці ж вы не чуеце закона?
22 Бо напісана, што ў Аўраама было два сыны: адзін ад служанкі і адзін ад вольнай.
23 Але той, што ад служанкі, быў народжаны паводле цела, а той, што ад вольнай, — праз абяцанне.
24 У гэтым ёсць іншасказанне: бо гэта два запаветы, адзін — ад гары Сінай, што нараджае дзяцей для рабства, гэта Гагар.
25 Гагар жа ёсць гара Сінай у Аравіі; і адпавядае яна цяперашняму Іерусаліму, бо ён у рабстве са сваімі дзецьмі.
26 А вышні Іерусалім вольны, гэта наша6 маці;
27 бо напісана: «Узвесяліся, бясплодная, якая не нараджала, усклікні і закрычы, якая не пакутавала родамі, бо шмат дзяцей у адзінокай, а не ў той, якая мае мужа».
28 Вы ж, браты, — дзеці абяцання, як Ісаак.
29 Але як тады народжаны паводле цела гнаў таго, хто ад Духу, так і цяпер.
30 Але што кажа Пісанне?: «Выгані служанку і яе сына; бо ў ніякім разе сын служанкі не будзе спадкаемцам разам з сынам вольнай».
31 Таму, браты, мы дзеці не служанкі, а вольнай.

Каментары ці зноскі:

6 4: У некат. рукап.: вашы.
7 5: У некат. рукап.: Бога праз Ісуса Хрыста.
26 6: У некат. рукап.: усіх нас.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Галатаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014