Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

2-ы Карынфянаў 1 2 да Карынфянаў 1 разьдзел

1 Павел, з волі Божай Апостал Хрыста Ісуса, і Цімафей, брат, — царкве Божай, якая знаходзіцца ў Карынфе, з усімі святымі, што знаходзяцца ва ўсёй Ахаіі:
2 ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дабраславёны Бог і Бацька нашага Госпада Ісуса Хрыста, Бацька міласэрнасці і Бог усялякага суцяшэння,
4 Які суцяшае нас пры кожным нашым горы, каб мы маглі суцяшаць тых, хто апынуўся ва ўсялякім горы тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.
5 Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовы, так праз Хрыста памнажаецца і наша суцяшэнне.
6 І калі мы ў бядзе, то дзеля вашага суцяшэння і выратавання, і калі суцяшаемся — то для вашага суцяшэння, якое дзейнічае, даючы вам выстаяць у тых самых пакутах, якія пераносім і мы1.
7 І наша надзея на вас цвёрдая, бо мы ведаем, што вы супольнікі як пакут, так і суцяшэння.
8 Бо мы не хочам, каб вы не ведалі, браты, аб нашым горы, што здарылася [з намі] ў Асіі, — што мы былі прыгнечаныя празмерна, звыш нашай сілы, так што мы страцілі нават надзею выжыць.
9 Але мы самі ў сабе мелі прысуд на смерць, каб спадзявацца нам не на сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых;
10 Які выбавіў нас ад такой вялікай смяротнай небяспекі і выбавіць2, на Якога мы ўсклалі надзею, што Ён і яшчэ выбавіць,
11 калі і вы паспрыяеце вашай малітвай за нас для таго, каб за дараванае нам праз многіх, многімі людзьмі была ўзнесена за нас падзяка.
12 Бо наша пахвала — гэта сведчанне нашага сумлення, што ў прастаце і шчырасці Божай, і не ў цялеснай мудрасці, а ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас.
13 Бо мы пішам вам не што іншае, як тое, што вы чытаеце або нават ведаеце; і спадзяюся, што будзеце ведаць да канца,
14 як і часткова вы ведаеце нас, што мы ваша пахвала, як і вы — наша, у дзень [нашага] Госпада Ісуса.
15 І ў гэтай перакананасці я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз атрымалі ласку,
16 і праз вас прайсці ў Македонію, і зноў з Македоніі прыйсці да вас, і вы правялі б мяне ў Іудзею.
17 Дык хочучы гэтага, ці не зрабіў я легкадумна? Ці тое, што збіраюся рабіць, паводле цела збіраюся, каб было ў мяне то «так, так» і то «не, не»?
18 Але таму, што верны Бог, наша слова да вас не было то — не «так», то «не».
19 Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, Якога мы ў вас прапаведавалі, — я, Сілуан і Цімафей — не стаў «так» і «не», а наша слова стала «так» у Ім.
20 Бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім — «так»; таму праз Яго і «амін» — на славу Богу праз нас.
21 Умацоўвае ж нас з вамі ў Хрысце і памазаў нас Бог,
22 паставіў на нас Сваю пячатку і даў задатак Духа ў нашы сэрцы.
23 Я ж заклікаю Бога ў сведкі на маю душу, што я, шкадуючы вас, яшчэ не прыходзіў у Карынф.
24 Гэта не значыць, што мы пануем над вашаю верай, наадварот, мы супрацоўнікі з вамі дзеля вашай радасці, бо вераю вы стаіце.

Каментары ці зноскі:

6 1: У некат. рукап.: якое ажыццяўляецца перанясеннем тых жа пакутаў, якія і мы пераносім.
10 2: У некат. рукап.: выбаўляе.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст да Карынфянаў Апостала Паўла, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014