1 І яшчэ паведамляем вам, браты, аб ласцы Божай, дадзенай у цэрквах Македоніі,
2 што ў вялікім выпрабаванні прыгнётам яны перапоўнены радасцю і іх глыбокае ўбоства вылілася ў багацце іх шчодрасці,
3 таму што яны дабраахвотна ў меру іх сіл, і — я сведчу — нават звыш сіл,
4 з вялікай мальбою прасілі нас пра дар і супольнасць служэння святым;
5 і прытым не так, як мы спадзяваліся, а яны аддалі саміх сябе спачатку Госпаду а потым нам, паводле волі Божай;
6 так што мы прасілі Ціта, каб ён, як раней пачаў, так і завяршыў у вас і гэтую дабрачыннасць.
7 Але як вы ва ўсім багатыя — у веры, і ў слове, і ў ведах, і ва ўсялякай руплівасці і ў нашай да вас7 любові, — так няхай будзе багацце і ў гэтай дабрачыннасці.
8 Кажу гэта не як загад, але выпрабоўваючы руплівасцю іншых сапраўднасць і вашай любові.
9 Бо вы ведаеце ласку нашага Госпада Ісуса Хрыста — што Ён, будучы багаты, збяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбоствам разбагацелі.
10 І я падаю сваю думку ў гэтым; бо гэта карысна вам — тым, якія першымі пачалі годназад не толькі рабіць, але і хацець зрабіць гэта.
11 А цяпер завяршыце і саму справу, каб, чаго вы старанна хацелі, выканалі з таго, што вы маеце.
12 Бо калі ёсць гатоўнасць, то яна прымаецца, гледзячы па тым, хто што мае, а не па тым, чаго не мае.
13 Бо гэта робіцца не так, каб іншым была палёгка, а вам у цяжар, а з роўнасці;
14 у цяперашні час ваша багацце ў папаўненне іх нястачы, каб і іх багацце было ў папаўненне вашай нястачы, так каб была роўнасць,
15 як напісана: «Хто сабраў многа, не меў лішняга, а хто мала — не меў нястачы».
16 Але ўдзячнасць Богу, Які ўклаў у Цітава сэрца такую руплівасць пра вас,
17 таму што ён прыняў просьбу, але, будучы вельмі руплівым, дабраахвотна пайшоў да вас.
18 І мы паслалі разам з ім брата, якога па ўсіх цэрквах хваляць за дабравесце,
19 і не толькі — але які таксама быў выбраны цэрквамі як наш спадарожнік у гэтай ласцы, якой мы служым у славу Самога Госпада і ў доказ нашай гатоўнасці, —
20 высцерагаючыся, каб нас ніхто не папракнуў пры такім багацці, якое падносіцца намі ў нашым служэнні;
21 бо мы прадбачліва клапоцімся пра тое, што ганарова не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
22 І мы паслалі з імі нашага брата, руплівасць якога мы ў многім шматразова выпрабавалі і які цяпер яшчэ руплівейшы з-за вялікай упэўненасці ў вас.
23 Што да Ціта — ён мой таварыш і супрацоўнік для вас; а браты нашы — яны пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.
24 Дык перад абліччам цэркваў дайце ім доказ вашай любові і нашай пахвалы вамі.
Каментары ці зноскі:
7 7: У некат. рукап.: вашай да нас.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст да Карынфянаў Апостала Паўла, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014