Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

2 да карынтыян 8 2 да карынтыян 8 разьдзел

1 Паведамляем вам, браты, аб той ласцы, якою Бог абдзяліў Макэдонскія эклезіі:
2 сярод бо цяжкога допусту горкіх турботаў поўнасьцю захавалі пагоду духа, а іх скрайнюю ўбогасьць абагацілі радульнаю скромнасьцю;
3 яны дабраахвотныя водле сілы ды й цераз сілу — я ў гэтым сьветка ім, —
4 яны вельмі прасілі нас ласкі ды удзейніцтва іх ў паслузе сьвятым;
5 і ня толькі тое, чаго мы спадзяваліся, але й самых сябе аддалі найперш Богуспадару, а пасьля й нам з Божае волі;
6 таму мы й прасілі Тытуса, каб як зачаў, дык гэтак і давяршыў у вас і гэтае добрае дзела.
7 А як у-ва ўсім адзначаецеся — у веры, у мове, у ведзе, у дбайнасьці, а датаго й любасьцю вашаю да нас, — дык трэба вам адзначацца і ў гэтай ласцы, дабрадзейнасьці.
8 Не кажу гэтага загадна, але карыстаючы з дбайнасьці іншых, выпрабоўваю шчырасьць і вашай любасьці.
9 Бо-ж знаеце ласку Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, што будучы багатым, дзеля вас абяднеў, каб вы разбагацелі ягонай убогасьцю.
10 Даю вам на гэта раду, гэта бо карыснае вам, якія ня толькі рабіць, але й намервацца першыя пачалі шчэ зь леташняга году.
11 Цяпер-жа сьцьвярдзеце чынам, каб, як із гарачай шчырасьцю намерваліся, так і давяршылі з таго, што маеце.
12 Бо калі ёсьць ахвота даць, дык яна прыемная мераю таго, што хто мае — не таго, чаго ня мае.
13 Бо-ж не натое даецца, каб іншым долю аблягчыць, а сабе пагоршыць, але, каб была роўнасьць.
14 Цяпер ваш збытак хай пакрые іхнюю нястачу, каб таксама іхні збытак мог калісь пакрыць вашую нястачу, каб была роўнасьць;
15 як напісана: «Хто зыбраў многа, ня меў лішніцы, і хто — мала, ня меў нястачы» (Выйсь. 16:18).
16 богу падзяка, што разбудзіў у сэрцы Тытуса гэткую самую аб вас дбайнасьць;
17 бо і просьбу маю прыняў, але і з уласнае дбайнасьці ахвочае сам пайшоў к вам.
18 Зь ім паслалі мы такжа і брата, ў ва ўсіх эклезіях хвалёнага за Эванэлію,
19 ды й ня толькі тое, але ён выбраны ад эклезіяў нам на спадарожніка у гэтай дабрадзейнай справе, якой мы дабраахвотна служым на хвалу самому Богуспадару і ў адпаведнасьць старанням вашым,
20 высьцярагаючыся, каб нам хто не дакараў із-за таго багацьця ахвяр, здаваных на наш загад;
21 мы бо дбаем аб добрасьці ня толькі перад Богам, але і перад людзьмі.
22 Мы выслалі зь імі такжа і брата нашага, дбаласьць якога шмат у чым выпрабавалі, які цяпер зь вялікага даверу да вас яшчэ болей дбалы.
23 Што да Тытуса, то гэта — мой таварыш і дапаможны супрацоўнік у вас; ды што да братоў, дык гэта высланнікі эклезіяў — слава Хрыстуса. —
24 дайце-ж ім доказ вашае любасьці ды нашае хвальбы вамі — ў вабліччы эклезіяў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст да карынтыян сьвятога Паўла апостала, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.