Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

2 Пятра 1 2 Пятра 1 разьдзел

1 Сымон Пётр, слуга й апостал Езуса Хрыстуса — тым, што прынялі роўнацэнную з намі веру праз апраўданне Бога нашага й Збавіцеля Езуса Хрыстуса.*
2 Прасьвяда вам і супакой хай прымножыцца праз пазнанне Бога і Хрыстуса Езуса Ўсеспадара нашага.
3 Як сіла ягоная абдарыла нас усім тым, што патрэбнае да пабожнага жыцьця, даючы пазнаць таго, каторы нас паклікаў собскай славай і цнотай
4 якія нас абагацілі велічнымі абяцаннямі стацца празь іх удзельнікамі Божай натуры, ухінуўшыся ад похатнага сапсуцьця ў сьвеце,*
5 то і вы, не шкадуйце ўсякіх старанняў грунтаваць вашу веру на цноце, цноту на развазе,
6 развагу на паўстрымнасьці, паўстрымнасьць на цярплівасьці, цярплівасьць на пабожнасьці,
7 пабожнасьць на браталюбсьцьве, браталюбства на любасьці (Бога).
8 Вось гэта ўсё калі ў вас ёсьць і-то паддастаткам, дык вы не астанецеся бязьдзейнымі й бескарыснымі ў пазанні Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса;
9 а ў каго няма гэтага, той сьляпы, недабачваючы забыўся аб ачышчэнні старых сваіх грахоў.
10 Дзеля гэтага старайцеся, браткі, добрымі ўчынкамі што-раз болей апэўніваць пакліканне й выбранне вашае; гэтак паступаючы, ніколі ня згрэшыце.*
11 Гэткім чынам ушчодрыцца вам уваход у вечнае Валадарства Ўсеспадара нашага й Збавіцеля Езуса Хрыстуса.
12 Таму-то я ніколі не перастану аб гэтым напамінаць вам, хоць вы й ведаеце гэта ды уцьверджаны ў гэтай праўдзе.
13 Лічу маім абавязкам — пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне (цела)* — пабуджаць вас напамінам,
14 будучы пэўным, што хутка пакіну маю будыніну, як і Госпад наш Езус Хрыстус выявіў мне (Ян. 21:18−19).*
15 Але буду старацца, каб вы і пасьля майго адыходу маглі заўсёды прыпамінаць сабе гэтыя рэчы.
16 Мы бо вам спавясьцілі моц і прыйсьцё Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса не з хітравыдуманых басьняў, а з аглядання собскімі вачыма ягонай велічы.
17 Бо-ж як ён атрымоўваў ад Бога Айца чэсьць і хвалу ў зыйходзячым на яго з чароўнай (воблачнай) глёрыі голасе: «Гэты ёсьць Сын мой улюблёны, ў якім мая мілаўпадоба, яго слухайце» (Мг. 17:5),
18 дык мы той голас зь неба чулі, будучы на сьвятой гары.*
19 Дый маем мацнейшу мову прароцкую і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яе як да сьветача, зіяючага ў цёмным месцы, пакуль не разаднее ды ня ўзойдзе зараніца ў сэрцах вашых;
20 толькіж памятайце перш-за-ўсё аб тым, што ніякага прароцтва ў Пісанні ня можна выкладаць самавольна.
21 Бо ня людзкою воляю прароцтва было калісь спавяшчана, але Духам Святым натхнёныя мужы Божыя яго пераказвалі.*

Каментары ці зноскі:

1 Вера — гэта дар ласкі Божай, які даецца чалавеку дзеля заслуг і міласэрдзя Адкупіцеля.

4 Ласка усьвячваючая спрычыняе удзельніцтва чалавека ў боскай натуры праз наднатуральнае задзіненне з Богам, з Хрыстусам і Духам Св., які прабывае ў справядлівым, зн. ў чалавеку, неадчужаным ад Бога сьмяротным грахом.

10 Аб выбранні веручага да збаўлення сьветчыць абазнака чыстага жыцьця яго, сталасьці добрых паступкаў, учынкаў. Бог нас паклікаў і празначыў да збаўлення, бо сваёю ўсёведаю прадбачыў, што будзем супрацаваць зь ягонай ласкай.

13 Будынінай называе тут Апостал цела чалавека (2 Кар. 5:1).

14 Шмат якія Айцы гавораць аб запавесьці сьв. Пятру мучаніцкай сьмерці (Ян 21:19).

18 ...ў голасе з ваблоку (глёрыі) = з чароўна-захопнай цудоўнай яснасці ў форме аблоку, сымбалю прысутнасьці й хвалы (глёрыі) Бога, прамаўляючага гэтымі вось славамі, якія падаюць ўсе Эванэлісты, апісваючы Перамяненне Збавіцеля, навочным сьветкам якога быў сьв. Пётр на гары Табор у Галілеі.

21 У гэтых вершах Апостал выказвае пракананне аб натхненні кніг прароцкіх Св. Пісання і то ў шырэйшым сэнсе: ня толькі сама мова вусная прарокаў, але і мова выказваная пісанымі знакамі, ёсьць натхнёнай у сваёй навучальнай аснове. Сэнс зместу гэтай мовы не заўсёды быў ясным навет і самым прарокам, якія прарочылі ня з людзкое волі, але ахопленыя паклікаўшаю іх сілаю Духа Св., дзеючаю ў іх. І толькі той-жа Дух Св., абяцаўшы спэцыяльную помач пакліканай да навучання Эклезіі, можа празь яе (зараніцу) непамыльна раскрываць, гэтыя прароцтвы, як і наагул усё Пісьмо сьв.
У акцэнтаваным напаміне Князя Апосталаў рашуча аспрэчваецца буянскае цьверджанне і сянняшніх сэктантаў: Хай Дух Божы, раскрываючы яму сэнс». Гісторыя аднак паказала й паказвае колькі самадурска-згубнага блюзьнерства ў гэтым сказе, дамагаючымся прароцкага натхнення для кажнага самазванскага «біблісты». Бо ціж не адтаго, што на месца эклезіяльнага здысцыплінавання эгзэгэтычнага, запанавала адшчапенскае вальнадумства, ў якім кажны тлумачыў Божае Слова па-свойму, і натварылася безьліч гэрэзыяў узаемна аспрэчваючыхся й выклінаючыхся, мосьцячы гэтым шлях да атэізму?
Але сьветач эклезіяльнага навучання не дазволіць атэізуючаму самадурству амарочыць усё людзтво: грамавая з-по-за «рэфармацкіх» хмар пастанова Трыдэнцкага Сабору (пас. 4, аб сьв. Піс.) «Дзеля Эклезіі — тлумачыць сэнс і выкладаць Св. Пісанне» — становіцца сяння для хрысьціянскага сьвету што-раз болей зразумелай у сваёй санацыйнай неабходнасьці.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст сьвятога апостала Пятра, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.