1 Сымон Пётра, нявольнік а апостал Ісуса Хрыста, тым, што прынялі з намі аднакаштоўную веру пераз справядлівасьць Бога нашага а Спаса Ісуса Хрыста:
2 Ласка а супакой вам хай памножацца супоўным знацьцём Бога а Ісуса, Спадара нашага.
3 Як Боская сіла Ягоная дала нам усе, да жыцьця а набожнасьці належачае, супоўным знацьцём Таго, хто пагукаў нас сваёй славаю й цнотаю,
4 Каторымі даў нам найвялікшыя й каштоўныя абятніцы, каб вы імі сталі ўчасьнікамі Боскае прыроды, уцекшы ад папсаванасьці, каторая на сьвеце жадою, —
5 То вы, ужыўшы да гэтага ўсю ўлегласьць, замейце да веры свае цноту, у цноце знацьцё,
6 У знацьцю ўзьдзержлівасьць, у ўзьдзержлівасьці цярплівосьць, у цярплівосьці набожнасьць,
7 У набожнасьці брацтва, у брацтве міласьць.
8 Бо калі гэта ў вас ё і збыткуе, не бязьдзейнымі ані бясплоднымі ўчыне вас узглядам супоўнага знацьця Спадара нашага Ісуса Хрыста;
9 А ў каго няма гэтага ўсяго, тый нявісны, паніклівы і забыўся праз ачышчэньне зь пярэдніх грахоў.
10 Затым валей, браты, улягайце чыніць пагуканьне а абраньне свае моцным, бо, чынячы гэта, ніколі не ўпадзіце,
11 Бо гэтак шырака адчыніцца вам уход да вечнага гаспадарства Спадара нашага а Спаса Ісуса Хрыста.
12 Дзеля таго я буду заўсёды дамяняць вам праз гэта, дарма што вы зналыя і ўмацаваныя ў цяперашняй праўдзе.
13 Бо я маю за справядлівае, пакуль я ў гэтым будане, надбіць вас дамяняньням,
14 Ведаючы, што я ўборзьдзе маю пакінуць будан свой, як і Спадар наш Ісус Хрыстос паказаў імне.
15 Але я ўлягу, каб просьле майго адходу вы таксама заўсёды прыпаміналі гэта.
16 Бо мы абясьцілі вам сілу й прыход Спадара нашага Ісуса Хрыста, ня йдучы за хітра выдуманымі байкамі, але былі вочнікамі Ягонае вялікасьці.
17 Бо Ён прыняў ад Бога Айца чэсьць а славу, як прышоў яму такі голас ад дасканальнае славы: «Гэта Сын Мой умілаваны, Каторага Я ўпадабаў».
18 І гэты голас, прышлы зь нябёс, мы чулі, будучы зь Ім на сьвятой гары.
19 Ды мы маем найпэўнейшае прароцкае слова, і вы добра робіце, што зварачаецеся да яго, як да лянпы, што зьзяе ў цемным месцу аж да сьвітаньня і ўсходу дзяньніцы ў сэрцах вашых,
20 Ведаючы наўперад, што ніякае прароцтва Пісьма не залежа ад собскага выкладу.
21 Бо ніколі прароцтва ня было вымаўлена воляю людзкою, але вы маўлялі яго сьвятыя людзі Божыя, несеныя Духам Сьвятым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі суборны ліст сьвятога Пётры апостала, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.