1 Пачатак Евангелі Ісуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў Ісаі прарокі: «Вось, Я пасылаю ангіла Свайго перад відзеньням Тваім, каторы прыгатуе дарогу Тваю перад Табою.
3 Голас гукаючага на пустыні: гатуйце дарогу Спадарову, раўнуйце сьцежкі Яму!».
4 Сталася, што Яан хрысьціў на пустыні, абяшчаючы хрэст каяты на дараваньне храхоў.
5 І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская а Ерузалімляне ўсі, і хрысьціліся ў яго ўсі ў раццэ Ёрдане, вызнаючы грахі свае.
6 Яан жа насіў адзецьце зь вярблюджае поўсьці і дзягу на сьцёгнах сваіх, і еў шаранчу а дзікі мёд.
7 І абяшчаў, кажучы: «Ідзець за імною дужшы за мяне, Катораму я ня гожы, нахінуўшыся, разьвязаць рэменьчык вобую Ягонага.
8 Я запраўды хрысьціў вас вадою, але Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым».
9 І сталася тых дзён, што Ісус прышоў з Назарэту Ґалілейскага і хрысьціўся ў Яана ў Ёрдане.
10 І зараз, выходзячы з вады, абачыў нябёсы расьхіненыя і Духа, як галубу, зыходзячага на Яго.
11 І быў голас ізь нябёсаў: «Ты Сын Мой любовы, у Табе Мае вялікае ўпадабаньне».
12 І зараз Дух павёў Яго на пустыню.
13 І быў Ён там на пустыні сорак дзён, спакушаны шайтаном, і быў ізь зьверанятамі; і ангілы паслугавалі Яму.
14 І просьле таго, як Яан быў выданы, прышоў Ісус да Ґалілеі, абяшчаючы Евангелю гаспадарства Божага,
15 І кажучы: «Выпаўніўся час і дабліжылася гаспадарства Божае; пакайцеся а верце ў Евангелю».
16 І праходзячы ж ля мора Ґалілейскага, абачыў Сымона а Андрэя, брата ягонага, што закідалі сеці ў мора, бо яны былі рыбнікі.
17 І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Імною, і Я зраблю, што вы станеце лаўбітамі людзёў».
18 І яны зараз, пакінуўшы сеці свае, пайшлі за Ім.
19 І прайшоўшы стуль крыху, Ён абачыў Якава Зэведэявага а Яана, брата ягонага, што таксама былі ў струзе, правячы сеці свае;
20 І зараз пагукаў Ён іх, і, пакінуўшы айца свайго Зэведэя ў струзе з наймітамі, пайшлі за Ім.
21 І прыйшлі да Капернауму; і зараз у сыботу ўвыйшоў ён у бажніцу, і навучаў.
22 І зумяваліся з навукі Ягонае, бо Ён навучаў іх, як уладу маючы, а не як кніжнікі.
23 І зараз у бажніцы іхнай апынуўся чалавек, маючы духа нячыстага, і закрычэў,
24 Кажучы: «Пакінь, чаго Табе да нас, Ісусе Назарэцкі? ці Ты прышоў загубіць нас? Знаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы».
25 Але Ісус зганіў, кажучы: «Змоўкні і выйдзі зь яго».
26 Тады дух нячысты, скалатнуўшы яго й закрычэўшы вялікім голасам, вышаў зь яго.
27 І ўсі зжахнуліся, ажно адзін у ваднаго пыталіся: «Што гэта? што гэта за новая навука, што Ён і духом нячыстым расказуе з уладаю, і яны слухаюць яго?»
28 І ўборзьдзе разышлася празь Яго ведамка па ўсёй аколіцы ў Ґалілеі.
29 Вышаўшы неўзабаве з бажніцы, прышлі да дому Сымонавага а Андрэевага зь Якавам а Яанам.
30 Цешча ж Сымонава ляжала ў гаручцы; і без адвалокі кажуць яму празь яе.
31 І, дабліжыўшыся, Ён падняў яе, узяўшы яе за руку; і гаручка якга пакінула яе, і яна паслугавала ім.
32 І ўвечары заходам сонца прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных нячысьцікам.
33 І ўсе места зьберлася да дзьвярэй.
34 І Ён уздаравіў шмат якіх, хворых на розныя хваробы, і выгнаў шмат нячысьцікаў, і не дазваляў нячысьцікам гукаць, бо яны зналі Яго.
35 І нараніцы, устаўшы рана на додніцы, вышаў, і адышоў на пустыннае месца, і там маліўся.
36 Сымон а бытыя зь Ім пайшлі глядзець Яго.
37 І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усі шукаюць Цябе».
38 Ён кажа ім: «Пайдзіма да іншае мясцовасьці, да суседніх местачкаў, каб Імне й там абяшчаць, бо на тое Я прышоў».
39 І Ён абяшчаў у бажніцах іхных па ўсёй Ґалілеі, і выганяў нячысьцікаў.
40 Прыходзе да Яго хворы на праказу і, молячы Яго а клякаючы перад Ім, кажа Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
41 Ісус, пажалеўшы яго, выцягнуў руку, даткнуўся да яго й сказаў яму: «Хачу, ачысьціся».
42 І якга зышла зь яго праказа, і ён быў чысты.
43 І із стродкім заказам зараз выслаў яго.
44 І сказаў яму: «Глядзі нікому нічога не кажы, але йдзі, пакажыся сьвятару і абрачы за ачышчэньне свае тое, што расказаў Масей, на сьветчаньне ім».
45 Але ён, вышаўшы, пачаў шмат агалашаць праз сталае, ажно Ісус ня мог ужо яўна ўвыйсьці ў места, але быў вонках на месцах пустых. І прыходзілі да Яго адусюль.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангеля подле сьвятога Маркі, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.