1 Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў прарокаў: вось я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе дарогу Тваю перад Табою. (Малахія 3:1)
3 Голас гукаючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце сьцежкі Яго. (Ісая 40:3)
4 Зьявіўся Іоан, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы накутнае хрышчэньне дзеля адпушчэньня грахоў.
5 і выходзілі да Яго ўся старана Юдэйская і Ерузалімцы, і хрысьціліся ад Яго ў рацэ Іордане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
6 І быў Іоан адзеты ў вярблюдавы волас і ў скураны пояс на наясьніцы сваёй, і еў саранчу ды дзікі мёд.
7 І прапаведываў кажучы: ідзе за мною Дужэйшы за мяне, у Якога я ня варт, нахіліўшыся, разьвязаць рамень абуцьця Яго.
8 Я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.
9 І сталася ў тыя дні, прыйшоў ісус з Назарэту Галілейскаго і хрысьціўся ад Іоана ў Іордане.
10 І, як выходзіў із вады, тут жа ўгледзіў Іоан расчыняючыся неба й Духа, як галуба, зыходзячы на Яго.
11 І голас быў з неба: Ты Сын Мой улюблены, Якому спагадаю.
12 І зараз Дух павёў Яго ў пустыню.
13 І быў Ён там у пустыні сорак дзён спакушаны ад шатана, і быў з зьвярамі, і Ангелы служылі Яму.
14 Пасьля-ж таго, як Іоан быў выданы, прыйшоў Ісус у Галілею, прапаведуючы Эвангельле Царства Божага .
15 і кажучы, што споўніўся час і наблізілася царства Божае: пакайцеся і верце ў Эвангельле.
16 Праходзячы-ж ля мора Галілейскага, угледзіў Сымона і Андрэя, брата ягонага, як закідалі сеці ў мора, бо яны былі рыбаловы.
17 І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зроблю вас лаўцамі людзей.
18 І яны той жа час пакінулі свае сеці і пайшлі за Ісусам.
19 І, адыйшоўшы адтуль недалёка, Ён угледзіў Якава Завядзеявага і Яна, брата ягонага, таксама ў чаўне, правючы сеці.
20 І тут жа клікнуў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Завядзея ў чаўне з работнікамі, пайшлі за Ім.
21 І прыходзяць у Капэрнаум, і, неадкладаючы, у суботу ўвайшоў Ён у школу і навучаў.
22 І дзівіліся з Яго навукі, бо, навучаючы іх, быў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
23 І быў у школе іхняй чалавек, якім заўладаў дух нячысты, і закрычэў:
24 Пакінь! што Табе да нас, Ісус Назарэйскі? Ты прыйшоў згубіць нас! Ведаю цябе, хто ты, Сьвяты Божы!
25 Але Ісус пагразіў яму, кажучы: маўчы і выйдзі з яго.
26 Тады нячысты дух, устросшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 І ўсе спужаліся і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за новая навука, што сваёй уладай і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго?
28 І хутка разыйшлася аб Ім чутка па ўсіх ваколіцах Галілеі.
29 Выйшаўшы ўраз жа із школы, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя, з Якавам і Іоанам.
30 Цешча-ж Сымонавая ляжала ў гарачцы; і зараз кажуць Яму аб ёй.
31 Падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і гарачка пакінула яе, і яна пачала служыць ім.
32 Калі-ж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злым духам.
33 І ўсё места сабралося перад дзьвярыма.
34 І Ён аздаравіў многіх, цярпеўшых ад розных хворасьцяў, і выгнаў духаў; і не пазваляў злым духам гаварыць, што яны пазналі Яго.
35 А нараніцы, устаўшы дужа рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся.
36 Сымон і быўшыя з імі пайшлі за Ім;
37 і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: ўсе шукаюць Цябе.
38 Ён кажа ім: пойдзем у бліжэйшыя сёлы і месты, каб Мне й там навучаць, бо-ж Я дзеля таго прыйшоў.
39 І Ён навучаў у школах іхніх скрозь па ўсёй Галілеі і выганяў злых духаў.
40 Прыходзіць да Яго пракажоны, молючы Яго і падаючы перад Ім на калені, дый кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
41 Ісус жа, зьлітаваўшыся над ім, працягнуў руку, даткнуўся да яго і сказаў яму: хачу, будзь чысты!
42 І, як толькі Ён сказаў гэта, праказа тут жа зыйшла з яго, і ён ачысьціўся.
43 І, грозна глянуўшы на яго, зараз жа адаслаў яго
44 і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы, але пайдзі пакажыся сьвяшчэньніку і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім.
45 А ён, выйшаўшы, пачаў многа гаварыць і шырыць кругом вестку, дзеля чаго Ісус ня мог ужо ўвайсьці адкрыта ў места, але быў вонках, у мясцох пустынных. І прыходзілі да Яго зусюль.
Зноскі:
21 + вершы 23, 29, 39 — школа = сынагога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Марка Сьвятое Эвангельле, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991