Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Марка 1 Паводле Марка 1 разьдзел

ПАДРЫХТОЎКА ДА ДЗЕЙНАСЦІ ЕЗУСА

Ян Хрысціцель

1 Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў прарока Ісаі:

«Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Табе.

3 Голас таго, хто кліча ў пустыні:

“Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму”».

4 З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў.
5 Выходзілі да яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.
6 Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд.
7 Ён прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях.
8 Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
Хрост Езуса

9 У тыя дні прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
10 Адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя і Духа, што як голуб, сыходзіў на Яго.
11 І быў голас з нябёсаў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».
Выпрабаванне Езуса ў пустыні

12 І адразу Дух павёў Яго ў пустыню.
13 І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго; і быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму.
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ

Пачатак дзейнасці

14 Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае
15 і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».
Пакліканне першых вучняў

16 Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі.
17 Езус сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей».
18 Яны, пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім.
19 Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама былі ў чоўне і ладзілі сеткі.
20 І адразу паклікаў іх. Яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім.
У сінагозе ў Кафарнауме

21 Калі прыйшлі ў Кафарнаум, Ён адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў.
22 І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
23 Быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў:
24 «Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы».
25 Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!»
26 Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 І спужаліся ўсе так, што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта? Новае вучэнне з моцаю; Ён загадвае нават нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго».
28 І хутка разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.
Аздараўленні ў доме Пятра

29 Выйшаўшы з сінагогі, адразу прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя.
30 Цешча Сымона ляжала ў гарачцы, таму адразу сказалі Яму пра яе.
31 Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І пакінула яе гарачка, і яна прыслужвала ім.
32 Калі настаў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі.
33 А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма.
34 Ён аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; але не дазваляў злым духам казаць, што яны пазналі Яго.
Апостальская дзейнасць

35 На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся.
36 Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з ім.
37 А калі знайшлі Яго, сказалі Яму: «Усе шукаюць Цябе!»
38 Ён адказаў ім: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў».
39 І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.
Аздараўленне пракажонага

40 Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
41 Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!»
42 І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.
43 Езус сурова звярнуўся да Яго і зараз жа адправіў.
44 І сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей, на сведчанне ім».
45 Але той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра здарэнне, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а заставаўся звонку, у пустынных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Марка, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019