Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Галатаў 1 Пасланне да Галатаў 1 разьдзел

УСТУП

Прывітанне

1 Павел, апостал, выбраны не людзьмі і не чалавекам, але Езусам Хрыстом і Богам Айцом, які ўваскрасіў Яго,
2 і ўсе браты, якія са мною, — Касцёлам Галатыі.
3 Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і ад Пана Езуса Хрыста,
4 які аддаў самога сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з ліхога цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага,
5 якому хвала на векі вечныя. Амэн.
Супраць фальшывага дабравесця

6 Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага дабравесця.
7 Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста.
8 Але, калі б нават мы ці анёл з неба пачалі абвяшчаць вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты!
9 Як раней мы казалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто абвяшчае вам добрую навіну, якая адрозніваецца ад той, што вы прынялі, няхай будзе пракляты!
10 Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!
АПРАЎДАННЕ ПРАЗ ВЕРУ Ў ЕЗУСА ХРЫСТА

Павел — праўдзівы апостал Хрыста

11 Сведчу вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека.
12 Бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, але праз аб’яўленне Езуса Хрыста.
13 Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго,
14 як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў.
15 Калі ж Бог, які выбраў мяне ад улоння маёй маці і паклікаў сваёй ласкаю,
16 пажадаў аб’явіць ува мне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго сярод язычнікаў, я не пачаў адразу раіцца з целам і крывёю
17 і не пайшоў у Ерузалем да Апосталаў, маіх папярэднікаў, а пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
18 Пасля, праз тры гады, я пайшоў у Ерузалем наведаць Кефаса і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
19 Нікога ж іншага з Апосталаў я не бачыў, акрамя Якуба, брата Пана.
20 У тым, што я пішу вам, Бог мне сведка, няма маны.
21 Пасля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Цыліцыі.
22 Касцёлам Хрыстовым у Юдэі я не быў вядомы асабіста,
23 яны толькі чулі, што той, хто быў іх ганіцелем, цяпер прапаведуе веру, якую некалі нішчыў.
24 І праслаўлялі Бога за мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланне да Галатаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019