Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Філіпянаў 1 Пасланне да Філіпянаў 1 разьдзел

Прывітанне

1 Павел і Цімафей, слугі Езуса Хрыста, усім святым у Хрысце Езусе, якія знаходзяцца ў Філіпах, разам з біскупамі і дыяканамі:
2 ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
Падзяка і малітва за філіпянаў

3 Дзякую майму Богу пры кожнай згадцы пра вас.
4 Заўсёды кожную сваю малітву за ўсіх вас я ўзношу з радасцю,
5 за ваш удзел у абвяшчэнні Евангелля з першага дня аж дагэтуль.
6 Упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую справу, закончыць яе да дня Езуса Хрыста.
7 І гэта справядліва для мяне так думаць пра ўсіх вас, бо вы — у маім сэрцы, і ўсе вы мае саўдзельнікі ў маёй ласцы, у маіх кайданах, у абароне і ва ўмацаванні Евангелля.
8 Бог — мой сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Езуса Хрыста.
9 Таму малюся, каб вашая любоў яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні,
10 каб вы пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста,
11 напоўненыя пладамі справядлівасці праз Езуса Хрыста дзеля славы і хвалы Божай.
Пашырэнне Евангелля

12 Хачу, браты, каб вы ведалі, што маё ганенне паспрыяла яшчэ большаму пашырэнню Евангелля.
13 Так што мае кайданы сталі бачнымі ў Хрысце ва ўсёй прэторыі і сярод усіх іншых.
14 Праз гэта многія з братоў у Пану, перакананыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся бясстрашна абвяшчаць слова.
15 Некаторыя, праўда, ад зайздрасці і дзеля спрэчкі абвяшчаюць Хрыста, іншыя ж — з добрай волі.
16 Гэтыя астатнія робяць гэта з любові, бо ведаюць, што я пастаўлены дзеля абароны Евангелля.
17 Тыя ж дзеля звады прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае кайданы яшчэ цяжэйшымі.
18 Дык што? Усялякім чынам, ці то дзеля выгляду, ці то праўдзіва, абвяшчаецца Хрыстус. І я гэтаму радуюся, і буду радавацца.
19 Бо ведаю, што гэта прывядзе мяне да збаўлення праз вашую малітву і дапамогу Духа Езуса Хрыста,
20 паводле чакання і маёй надзеі, што я ні ў чым не буду асаромлены. Але з поўнай адвагай, як заўсёды, так і сёння, узвялічаны будзе Хрыстус у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць.
21 Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстус, а смерць — гэта выгада.
22 А калі жыццё ў целе — гэта для мяне плён працы, то не ведаю, што выбраць.
23 Вабіць мяне і тое, і другое: маю жаданне памерці і быць з Хрыстом, бо гэта значна лепш;
24 але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.
25 Перакананы ў гэтым, я ведаю, што застануся і буду з вамі дзеля вашага поспеху і радасці ў веры,
26 каб хвала ваша ў Хрысце Езусе памножылася праз мяне, калі я зноў прыйду да вас.
Заклік да вытрываласці, еднасці і пакоры

27 Толькі вядзіце жыццё, годнае Хрыстовага Евангелля, каб я, калі прыбуду і ўбачу вас ці калі буду далёка, пачуў пра вас, што вы трываеце ў адным духу. Аднадушна змагайцеся за веру ў Евангелле
28 і ні ў чым не палохайцеся праціўнікаў. Гэта стане для іх прычынай згубы, а для вас — збаўленнем, і гэта ад Бога.
29 Вам дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,
30 паколькі вы вядзеце тую ж барацьбу, якую бачылі ўва мне і пра якую цяпер чуеце ад мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланне да Філіпянаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019