Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Апакаліпсіс 1 Апакаліпсіс 1 разьдзел

Пралог

1 Аб’яўленне Езуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць слугам сваім, што неўзабаве павінна адбыцца. Ён паказаў гэта, паслаўшы свайго анёла да слугі свайго Яна,
2 які засведчыў пра Божае слова і сведчанне Езуса Хрыста, і пра ўсё, што бачыў.
3 Шчаслівы, хто чытае, і тыя, хто слухае словы прароцтва і захоўвае напісанае ў ім, бо час блізкі.
ПАСЛАННІ ДА СЯМІ КАСЦЁЛАЎ У МАЛОЙ АЗІІ

Прывітанне

4 Ян — сямі Касцёлам у Азіі: ласка вам і спакой ад таго, які ёсць, і быў, і прыходзіць, і ад сямі Духаў, што перад Ягоным тронам,
5 і ад Езуса Хрыста, вернага сведкі, першароднага сярод памерлых і Уладара зямных каралёў.
Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў
6 і ўчыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго, Яму хвала і моц на векі вечныя. Амэн.
7 Вось Ён прыходзіць з аблокамі, і кожнае вока ўбачыць Яго і ўсе тыя, хто працяў Яго. І будуць аплакваць Яго ўсе пакаленні зямлі. Так, амэн.
8 Я — Альфа і Амега, — кажа Пан Бог, — які ёсць, які быў і які прыходзіць, Усемагутны.
Бачанне Сына Чалавечага

9 Я, Ян, брат ваш і саўдзельнік ва ўціску, у валадарстве і вытрываласці ў Езусе, быў на востраве, званым Патмас, дзеля слова Божага і дзеля сведчання пра Езуса.
10 Я напоўніўся Духам у дзень Пана і пачуў за сабою гучны голас, быццам трубы,
11 які казаў: «Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі Касцёлам: у Эфес, Смірну, Пергам, Тыятыру, Сарды, Філадэльфію і Лаадыкею».
12 Я абярнуўся, каб паглядзець, чый голас прамаўляў да мяне. Калі абярнуўся, убачыў сем залатых свечнікаў,
13 а пасярод свечнікаў кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў доўгія шаты і падпяразанага на грудзях залатым пасам.
14 А Яго галава і валасы былі белыя, быццам белая воўна, быццам снег, а вочы Ягоныя былі як полымя агню.
15 Ногі ж Ягоныя былі падобныя да бронзы, нібы распаленай у печы, а голас Яго — як шум вялікай вады.
16 У сваёй правай руцэ меў Ён сем зорак, а з Яго вуснаў выходзіў востры двухбаковы меч, і твар Яго быў як сонца, што свеціць у сваёй моцы.
17 Калі я ўбачыў Яго, упаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. Ён паклаў на мяне правіцу сваю, кажучы: «Не бойся! Я — Першы і Апошні,
18 і жывы; і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і адхлані.
19 Таму напішы тое, што ты ўбачыў, і што ёсць, і што павінна стацца пасля гэтага.
20 Што да таямніцы сямі зорак, якія ты бачыў у Маёй правіцы, і сямі залатых свечнікаў, то сем залатых зорак — гэта анёлы сямі Касцёлаў, а сем свечнікаў — гэта сем Касцёлаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апакаліпсіс святога Яна, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019