Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Апакаліпсіс 21 Апакаліпсіс 21 разьдзел

НОВЫ ЕРУЗАЛЕМ

Новае стварэнне

1 Я ўбачыў новае неба і новую зямлю. Бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
2 Убачыў я таксама святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха.
3 І пачуў я гучны голас з трона, які казаў: «Вось скінія Бога з людзьмі, які будзе жыць з імі; яны будуць Ягоным народам, а Ён будзе “Богам з імі”.
4 І вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула».
5 Той, хто сядзеў на троне, сказаў: «Вось чыню ўсё новае». І дадаў: «Напішы, што словы гэтыя верныя і праўдзівыя».
6 І сказаў мне: «Сталася! Я — Альфа і Амега, пачатак і канец. Таму, хто прагне, Я дам задарма піць з крыніцы вады жыцця.
7 Пераможца атрымае ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам.
8 А лёс баязліўцаў, няверуючых і тых, хто робіць агіду, забойцаў, распуснікаў, чарадзеяў, ідалапаклоннікаў і ўсіх падманшчыкаў — возера, што палае агнём і серай. Гэта другая смерць».
Новы Ерузалем

9 Прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чашаў, напоўненых сямю апошнімі бедствамі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, я пакажу табе абранніцу, жонку Баранка».
10 Анёл узнёс мяне ў духу на вялікую, высокую гару і паказаў мне святы горад Ерузалем, які сыходзіў з неба ад Бога
11 і меў Божую славу. Ззянне ягонае падобнае да каштоўнага, быццам яшма, каменя, чыстага, як крышталь.
12 Меў ён мур вялікі і высокі, меў дванаццаць брамаў, а на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці плямёнаў сыноў Ізраэля.
13 З усходу тры брамы і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы.
14 Мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Баранка.
15 Той, хто гаварыў са мною, меў залатую мерную трысціну, каб памераць горад, ягоныя брамы і мур.
16 Горад быў чатырохвугольны, а даўжыня ягоная была роўная шырыні. Ён памераў горад трысцінаю. Было дванаццаць тысяч стадыяў. Яго даўжыня, шырыня і вышыня роўныя.
17 Памераў ягоны мур. Ён быў сто сорак чатыры локці чалавечай меры, якою таксама карыстаўся анёл.
18 Мур быў пабудаваны з яшмы, а горад — з чыстага золата, падобнага да чыстага шкла.
19 Фундаменты гарадскіх муроў былі аздоблены ўсялякім каштоўным каменем: першы падмурак быў з яшмы, другі — з сапфіру, трэці — з халцэдону, чацвёрты — са смарагду,
20 пяты — з сарданіксу, шосты — з сердаліку, сёмы — з хрызаліту, восьмы — з бэрылу, дзевяты — з тапазу, дзесяты — з хрызапрасу, адзінаццаты — з гіяцынту, дванаццаты — з аметысту.
21 А дванаццаць брамаў былі дванаццаццю пярлінамі, кожная брама была з асобнай пярліны. А плошча горада была з чыстага золата, як празрыстае шкло.
22 Святыні ў ім я не бачыў, бо святыня ягоная — гэта Пан Бог усемагутны і Баранак.
23 Гораду не патрэбны ні сонца, ні месяц, каб яму свяцілі, бо слава Божая асвятліла яго, а светач ягоны — Баранак.
24 У яго святле будуць хадзіць народы, а валадары зямлі прынясуць яму сваю славу.
25 Брамы ягоныя ніколі не будуць зачыняцца ўдзень, а ночы там не будзе.
26 Яны прынясуць туды славу і пашану народаў.
27 Нішто нячыстае і той, хто чыніць агіду ці падман, не ўвойдзе туды, але толькі тыя, хто запісаны ў кнізе жыцця Баранка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апакаліпсіс святога Яна, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019