Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Аб'яўленьня 21 Аб'яўленьня 21 разьдзел

1 І абачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
2 І я абачыў сьвятое места, Ерузалім новы, што зыходзіў зь нябёс ад Бога, прыгатаваны, як княгіня маладая, прыбраная дзеля мужа свайго.
3 І пачуў я вялікі голас ізь неба, каторы казаў: «Вось, вітальня Божая зь людзьмі, і Ён будзе жыхарыць ізь імі, і яны будуць людам Ягоным, і Сам Бог будзе зь імі Богам іхным;
4 І Ён абатрэць кажную сьлізу з ачоў іхных, і наперад сьмерці ня будзе ані немарасьці, ані плачу, ані болю; бо першае мінула».
5 І сказаў Тый, што сядзеў на пасадзе: «Вось, чыню ўсе новае». І кажа: «Напішы, бо словы гэтыя праўдзівыя а верныя».
6 І сказаў імне: «Сталася! Я Альфа й Омэґа, пачатак і канец; усьмягламу дам із жарала вады жывое дарма.
7 Перамагаючаму спадзець гэта, і Я буду яму Богам, а ён будзе Імне сынам.
8 Баязьлівых жа а няверных а агідных а забіўцаў а бязуляў а чараўнікоў а балвахвалаў а ўсіх манюкаў — доля ў возеру, што гарыць агнём а серкаю; гэта — сьмерць другая».
9 І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, поўных сямёх апошніх болькаў, і мужаваў з імною, кажучы: «Хадзі, я пакажу тэ княгіню маладую, жонку Баранчыкаву».
10 І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую а высокую гару, і паказаў імне сьвятое места Ерузалім, што зыходзіў зь неба ад Бога;
11 Ён мае славу Божую. Зьзяньне ягонае падобнае да найдарожшага каменя, бы да каменя ясьпіса крышталападобнага.
12 Ён мае вялікую а высокую сьцяну, мае двананцаць брамаў і на брамах двананцацёх ангілаў і напісаныя ймёны двананцацёх плямёнаў сыноў Ізраелявых:
13 З усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з паўдня тры брамы, із захаду тры брамы.
14 І сьцяна месцкая мае двананцаць подаў, і на іх двананцаць імёнаў двананцацёх апосталаў Баранчыкавых.
15 Тый, што мужаваў з імною, меў залатую трысьціну, мерку, каб памераць места і брамы ягоныя і сьцены ягоныя.
16 А места чатыракутняе, і ўдаўжкі такое ж, як і ўшыркі. Памераў ён места трысьціною на двананцаць тысячаў гоняў; даўжыня і шырыня і вышыня яго роўныя.
17 І сьцяну ягоную памераў — сто сорак чатыры локці людзкое меры, каторая ж ангілава.
18 Сьцяна ягоная пастаўлена зь ясьпісу, а места — чыстае золата, падобнае да чыстага шкла.
19 Поды сьцяны месцкае прыбраныя ўсялякім дарагім каменьням: под першы — ясьпіс, другі — шапір, трэйці — халцэдон, чацьверты — шмараґд,
20 Пяты — сардонікс, шосты — крывавец, сёмы — хрызоліт, восьмы — бэрыл, дзявяты — топаз, дзясяты —хрызопрас, адзінанцаты — гіяцынт, двананцаты — амэтысты.
21 А двананцаць брамаў — двананцаць пэрлаў: кажная брама была з аднае пэрлы. Вуліцы места — чыстае золата, як прасьветнае шкло.
22 Дому Божага ж я ня бачыў; бо Спадар Бог Усемагучы — дом яго, і Баранчык.
23 І места не патрабуе сонца ані месяца, каб асьвячаць сябе; бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Баранчык.
24 І народы будуць хадзіць у сьвятліні Ягонай, і каралёве земныя прынясуць славу сваю да Яго.
25 І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
26 І прынясуць да яго славу а чзсьць народаў.
27 І нічога нячыстага ня ўвыйдзе ў яго ані чынячы брыду а ману, але адно напісаныя ў сувою жыцьця Баранчыкавым.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Аб'яўленьня сьвятога Яана Багаслова, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.