1 Ангілу царквы Ефэскае напішы: "Гэта кажа Тый, што дзяржыць сем зораў у правіцы Сваёй, Каторы ходзе сярод сямёх залатых сьветачаў:
2 Знаю ўчынкі твае, і працу тваю, і трывалкосьць тваю, і тое, што ты ня можаш цярпець благіх, і ты спрабаваў тых, што завуць сябе апосталамі, але ня ё, і знайшоў, што яны манюкі,
3 І маеш трывалкосьць, і церпіш дзеля імені Майго, і не стамаваўся.
4 Але маю супроці цябе тое, што ты пакінуў першую міласьць сваю.
5 Дык успомні, скуль ты спаў, і пакайся, і чыні першыя ўчынкі; а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і скрану сьветач ізь месца яго, хіба пакаешся.
6 Тое, адылі, ты маеш, што ненавідзіш учынкі Міколцаў, каторых і Я ненавіджу.
7 Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам есьці зь дзерва жыцьця, каторае ў раю Божым".
8 І ангілу царквы Сьмірнскае напішы: "Гэта кажа Першы й Апошні, Каторы быў мертвы і ажыў:
9 Знаю атугу тваю а галіту (але ты багаты) а лаянку тых, каторыя кажуць празь сябе, што яны Жыды, а ня ё, але бажніца шайтанская.
10 Не лякайся нічога з тога, што маеш цярпець. Вось, дзявал укіне з вас у вязьніцу, каб выпрабаваць вас, і будзеце мець атугу дзён дзесяць. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе карону жыцьця.
11 Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, ніякім парадкам ня будзе пашкоджаны другой сьмерцяй".
12 І ангілу царквы Перґамскае напішы: "Гэта кажа Тый, што мае абаротны войстры меч:
13 Ведаю, ідзе ты жывеш, ідзе пасад шайтана, і дзяржыш імя Мае, і ня выракся веры Мае нават у дні Анціпавы, вернага сьветкі Майго, каторы быў забіты ў вас, ідзе шайтан жыхара.
14 Але маю крыху супроці цябе, што ты маеш тых, што дзяржацца навукі Валаамовае, каторы вучыў Валака пастанавіць пасадку перад сынамі Ізраелявымі — есьці абраканае балваном і бязуліць.
15 Дык маеш і ты тых, што дзяржацца таксама навукі Міколцаў, што Я ненавіджу.
16 Дык пакайся, а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і буду ходацца зь імі мячом вуснаў Сваіх.
17 Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам схаваную манну, і дам яму белы камень, а на каменю напісанае новае імя, каторага ніхто ня ведае, адно тый, што адзержуе".
18 І ангілу царквы Тыятырскае напішы: "Гэта кажа Сын Божы, у Каторага вочы, як поламя агняное, а ногі падобныя да пазорыстае медзі:
19 Знаю ўчынкі твае а міласьць а веру а службу а вытрываласьць тваю, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя.
20 Але маю супроці цябе, што ты дазваляеш жонцы Забэлі, каторая завець сябе прарокаю, вуча й зводзе слугаў Маіх да бязулства й яды абраканага балваном.
21 І Я даў ёй час, каб яна пакаялася зь бязулства свайго, а яна не пакаялася.
22 Вось, Я кіну яе на пасьцелю, а тых, што чужаложаць ізь ёю, у вялікую атугу, хіба што пакаяцца з учынкаў сваіх.
23 І дзеці ейныя заб’ю сьмерцяй, і даведаюцца ўсі цэрквы, што Я дасьлядую ныркі й сэрцы; і дам вам кажнаму подле ўчынкаў вашых.
24 Але вам, засталым у Тыятыры, каторыя ня маюць гзтае навукі, каторыя не пазналі глыбіняў шайтанскіх, як кажуць, кажу, што не накіну на вас якога-колечы іншага цяжару;
25 Што, адылі маеце, дзяржыце, пакуль прыйду.
26 А хто перамагае й дзяржыць учынкі Мае аж да канца, таму дам уладу над народамі,
27 І ён будзе пасьціць іх прутом зялезным, як і Я адзяржаў ад Айца Свайго: як судзьдзе ганчарскае яны паб’юцца.
28 І дам яму зорку ранічную.
29 Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Аб'яўленьня сьвятога Яана Багаслова, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.