1 Трэйцяга году дзяржавы Егоякіма, караля Юдэйскага, прышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, к Ерузаліму й аблёг яго.
2 І аддаў Спадар у руку яму Егоякіма, караля Юдэйскага, з часьцяй судзьдзя дому Божага, і ён прывёз да зямлі Шынар да дому бога свайго, і ўнёс судзьдзе ў скарбніцу бога свайго.
3 І казаў кароль Ашпеназу, начэльніку легчанцоў сваіх, каб ён прывёў із сыноў Ізраелявых, ды з насеньня каралеўскага, і з князёў
4 Дзяцюкоў бяз гану, добра выглядаючых, навытыраных да кажнае мудрасьці і кемных да навукі, і здольных да веды, і такіх, каб маглі стаяць у палацу каралеўскім, і каторых маглі б вучыць кніг а мовы хальдэйскае.
5 І прызначыў ім кароль на кажны дзень ежу каралеўскую й віно, каторае сам піў, і каб гадаваць іх так тры гады, каб у канцы іх маглі яны стаць перад каралём.
6 І былі памеж іх із сыноў Юдзіных Данель, Гананя, Місайла а Азара,
7 Каторым князь легчанцоў даў імёны: Данеля назваў Велтэшазар, а Гананю — Шэдрах, а Місайлу — Мішах, а Азару — Авед-Неґо.
8 Данель, адылі, пастанавіў у сэрцу сваім, каб яму ня сплюгавіцца ежаю каралеўскаю ані віном, каторае гэты піў; затым ён прасіў князя легчанцоў, каб магчы ня плюгавіцца.
9 І даў Бог Данелю ласку а спагаду ў князя легчанцоў.
10 І сказаў князь легчанцоў Данелю: «Я баюся спадара свайго, караля, каторы прызначыў вам ежы і напіткі, бо чаму меў бы ён бачыць віды вашы хмарнейшыя, чымся дзяцюкоў вашага веку? тады вы прычыніце ў караля небясьпечнасьць галаве маёй».
11 Тады сказаў Данель наглядніку, каторага князь легчанцоў пастанавіў над Данелям, Гананяю, Місайлам а Азараю:
12 «Спрабуй, калі ласка, слугаў сваіх, я малю цябе, дзён дзесяць: і няхай даюць нам гародніну, і будзем есьці, і ваду, і будзем піць;
13 Тады пабачыш віды нашыя і віды дзяцюкоў, што ядуць ежу каралеўскую; і подле бачаньня свайго рабі із слугамі сваімі».
14 І паслухаў ён іх у гэтай справе, і прабаваў іх дзесяць дзён.
15 І ў канцы дзесяцёх дзён віды іхныя выглядалі харашэй а сыцей, чымся ў дзяцюкоў, што елі ежу каралеўскую.
16 І затым нагляднік забіраў ад іх ежу й віно, што яны мелі, і даваў ім гародніну.
17 Што да гэтых чатырох дзяцюкоў, то Бог даў ім веду а навытыранасьць у кажнай кнізе а ў мудрасьці, а Данель разумеў усялякія відзені а сны.
18 І на канцы дзён, што кароль казаў, каб ён прывёў іх, князь легчанцоў прывёў іх перад Невухаднецара.
19 І мужаваў ізь імі кароль, і з усіх іх не знайшлося, як Данель, Гананя, Місайла а Азара; і стаялі яны перад каралём.
20 І ў вусіх справах мудрага разуменьня, што кароль пытаўся ў іх, ён знайшоў іх дзесяць разоў лепшымі за ўсіх чараўнікоў, гвездароў, што ў вусім каралеўстве ягоным.
21 І Данель заставаўся да першага году караля Кіра.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарокі Данеля, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.