Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Данілы 1 Кніга Данілы 1 разьдзел

1 У трэці год панаваньня Яўхіма, караля Юдэйскага, прыйшоў Набухаданосар, кароль Бабілёну, да Ерусаліму і аблажыў яго.
2 І перадаў Госпад у ягоную руку Яўхіма, караля Юдэйскага, і частку начыньняў Дому Божага і ён завёз іх у зямлю Сэнаар, у дом свайго Бога і ўнёс гэтае начыньне ў скарбніцу бога свайго.
3 І загадаў кароль Асфэназу, начальніку скапцоў сваіх, каб той прывёў сыноў Ізраільскіх, з роду каралеўскага і княжага;
4 юнакоў у якіх няма ніякай цялеснай заганы, прыгожых на выгляд і здольных да ўсялякай навукі і разумеючых навукі і разумных і здольных да службы ў каралеўскім палацы і да навукі хальдэйскай мовы і пісьма.
5 І вызначыў ім кароль штодзённую ежу з свайго стала і віно, якое сам піў і загадаў гадаваць іх тры гады, пасьля зыходу іх, яны павінны былі зьявіцца да караля.
6 Былі паміж імі з сыноў Юдэйскіх Даніла, Ананія, Місаіл і Азар.
7 І назваў іх начальнік скапцоў: Данілу — Бальтазарам; Ананію — Садрахам; Місаіла — Місахам і Азара — Абдэнам.
8 Даніла пастанавіў у сэрцы сваім не паганіцца ежаю з каралеўскага стала і віном, якое п’е кароль і дзеля гэтага прасіў начальніка скапцоў, каб яму не паганіцца.
9 Бог дараваў Даніле ласку і любоў начальніка скапцоў
10 і начальнік скапцоў сказаў Даніле: — я баюся караля, майго пана, які сам вызначыў вам ежу і пітво; калі ён пабачыць, што вашыя твары худзейшыя, чым іншых юнакоў, якія гадуюцца з вамі, дык я адкажу за гэта, перад каралём, сваёй галавою.
11 Тады сказаў Даніла Амэльсару, якога начальнік скапцоў прыставіў да Даніла, Ананіі, Місаіла і Азара:
12 — зрабі дзесяцідзённае дасьветчаньне над слугамі тваімі: няхай даюць нам, як ежу — гародніну, а як пітво — ваду,
13 потым прыгледзішся тварам нашым і тварам тых юнакоў, якія ядуць каралеўскую ежу, а тады рабі са слугамі тваімі, як будзеш бачыць.
14 Ён паслухаўся іх у гэтым і дасьветчываў іх дзесяць дзён.
15 Пасьля зыходу дзесяцёх дзён выявілася, што твары іх былі прыгажэйшыя, а целам яны былі тлусьцейшыя ад усіх тых юнакоў, якія карміліся з каралеўскага стала.
16 Тады Амэлясар браў іх ежу і віно да піцьця і даваў ім гародніну.
17 І дараваў Бог гэтым чатыром юнаком ваду і разуменьне кожнай кнігі і мудрасьці, а Даніле апрача гэтага дараваў разуменьне сноў і відзежаў.
18 Пасьля зыходу тых дзён, калі кароль загадаў прывесьці іх, прывёў іх начальнік над скапцамі да Набухаданосара.
19 І кароль гаварыў з імі і з пасярод усіх не знайшлося падобных Даніле, Ананіі, Місаілу і Азару і пачалі яны служыць каралю.
20 А ў кожнай справе мудрага разуменьня, аб чым-бы ня пытаў іх кароль, ён знаходзіў іх дзесяць разоў разумнейшымі ад усіх мудрацоў і вешчбітаў, якія былі ў ягоным каралеўстве.
21 І быў там Даніла да першага году караля Кіра.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Данілы, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.