Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Рут 1 Кніга Рут 1 разьдзел

1 У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, здарыўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек з Бэтлеему Юдэйскага са сваёй жонкаю і двума сынамі сваймі жыць у зямлю Маабіцкую.
2 Называўся чалавек той Элімелех, жонка ягоная Ноэмі, а імёны двух сыноў ягоных — Магалён і Хэліён. Яны былі Эфраіцяне з Бэтлеему Юдэйскага. Яны, зайшоўшы ў краіну Маабіцкую, засталіся там жыць.
3 Потым памёр Элімелех, муж Ноэмі, і засталася яна з двума сваймі сынамі.
4 Яны ўзялі сабе за жонкі Маабіцянкі: імя аднае — Орфа, а імя другой — Рут, і жылі яны там каля дзесяцёх гадоў.
5 Потым абодва Магалён і Хэліён памерлі і засталася тая жанчына пасьля абодвух сыноў сваіх і пасьля мужа свайго.
6 І ўстала яна з нявесткамі сваімі і пайшла назад з зямлі Маабіцкай, бо пачула ў краіне Маабіцкай, што наведаў Бог народ свой і даў ім хлеб.
7 Тады выйшла яна з таго месца на якім жыла з тымі дзьвума нявесткамі. Калі яны былі ў дарозе, варочаючыся ў зямлю Юдэйскую,
8 Ноэмі сказала дзьвум нявесткам сваім: — пайдзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; няхай учыніць вам Гаспод міласьць, як вы паступалі з памершымі і са мною.
9 Няхай дасьць вам Гаспод, каб вы знайшлі прыпынак кожная ў хаце свайго мужа; і пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і плакалі
10 і сказалі: — не, лепш мы вернемся да народу твайго.
11 Ноэмі жа сказала: — вяртайцеся дачкі мае; па што вам ісьці са мною. Ці-ж ёсьць яшчэ ў мяне сыны ў улоньні маім, якія былі-б вам мужамі.
12 Вярнецеся, дачкі мае, бо я ўжо састарэлася, каб быць замужам; ды калі-б я нават і сказала «ёсьць яшчэ мне надзея» і нават калі-б я ў гэтую ноч была з мужам і потым радзіла сыноў,
13 Дык ці-ж вы будзеце чакаць, пакуль яны вырастуць. Ці-ж можна вам дзеля гэтага не выходзіць замуж. Не, дачкі мае, я вельмі шкадую вас, бо рука Госпада дасягнула мяне.
14 Яны аднак узьняўшы голас ізноў пачалі плакаць. І Орфа разьвіталася са сьвякрухай сваёй, а Рут засталася пры ёй.
15 Ноэмі сказала Рут: — вось сваячка твая вярнулася да народу свайго і да багоў сваіх, вяртайся і ты ўсьлед за сваячкай сваёю.
16 На гэта адказала Рут: — не прымушай мяне пакінуць цябе і вярнуцца ад Цябе, але куды ты пойдзеш, туды і я пайду і дзе ты жыць будзеш, там і я буду жыць; народ твой будзе маім народам і твой Бог — маім Богам.
17 І дзе ты памрэш, там і я памру і буду пахаваная; гэта няхай учыніць мне Гаспод і яшчэ больш, каб толькі сьмерць разлучыла мяне з табою.
18 Ноэмі бачучы, што яна цьвёрда пастанавіла ісьці з ёю, перастала ўгаварываць яе.
19 І йшлі яны абедзьве, пакуль не прыйшлі ў Бэтлеем. І калі прыйшлі яны ў Бэтлеем, усё места прыйшло ў рух ад іх і гаварылі: — Ці-ж гэта не Ноэмі.
20 Яна сказала ім: — не называйце мяне Ноэмі, а называйце Мара, дзеля таго, што Ўсемагутны паслаў мне вялікае гора;
21 Я выйшла адсюль з дастаткам, вярнуў мяне з пустымі рукамі: пашто называць Ноэмі, калі Гаспод змусіў мяне цярпець, а Ўсемагутны паслаў мне няшчасьце.
22 І вярнулася Ноэмі і з ёю нявестка яе Рут Маабіцянка; вярнулася з краіны Маабіцкай, а прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку ячменнага жніва.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Рут, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.