Біблія » Пераклады

Пераклад Леаніда Галяка

Пераклад выбраных кніг Старога Запавету зробленыя ў 1949−1950-х гадах у Ватэнштэце (Нямеччына). Аўтар: Леанід Галяк.

Кнігі Старога Запавету. Пераклад Леаніда Галяка

Змест:

Кніга Рут
Кніга Эстэры
Прыказкі Салямона
Кніга Экклезіяста
Кніга Данілы
Кніга Міхея
Кніга Сафона

Пераклады зробленыя ў 1949−1950-х гадах у Ватэнштэце (Нямеччына). Машынапісы перакладаў былі дасланыя ў верасьні 1973 г. біскупу Сіповічу ў Лёндан у сувязі з паўсталай ідэяй стварэньня новага перакладу Бібліі. Зараз машынапіс знаходзіцца ў архіве беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, Лёндан. Скрыня «Пераклады Бібліі».

Шэсьць кніг аўтарызавана самім перакладчыкам праз надпісы на тытульнай старонцы машынапісу і праз лісты да б-па Сіповіча.

Кніга прарока Сафона не ўзгадваецца ў лістах ад верасьня 1973, і не мае тытульнай старонкі. Тым ня менш далучаная да перакладаў Л. Галяка. Але лексіка выключна падобная да лексікі Галяка («Гаспод» — «Госпадавы», серабро, каралеўства, панасаджываюць, пажорты, і інш.), надрукаваны кірыліцай, у адрозьненьне ад перакладаў Тумаша, таксама і адмысловыя пунктуацыйныя элементы (перадача простай мовы праз «: — »), прымушаюць і гэты пераклад залічыць да перакладаў Л. Галяка. Ды і ў архіве бібліятэкі Скарыны ён знаходзіцца ў тэчцы перакладаў Галяка. Магчыма, гэта пазьнейшая перасылка тэкстаў для Сіповіча, і таму не ўзгаданая ў галоўным (першым) лісьце.

Алічбоўваньне зрабіў Алесь Аўдзяюк. Яго каментар да тэксту:

Пераклады ніколі не друкаваліся. Першая адкрытая публікацыя і — сайт «Часасловец», 16.08.2011.

Увага: У тэкстах былі зробленыя нязначныя карэктуры, што не мяняюць мову аўтара, але толькі прыводзяць аўтарскі стыль да аднастайнасьці і ліквідуюць нязначныя рознапісаньні датычна пунктуацыі і напісаньня «ў», што, магчыма, зьяўлялася звычайнымі тэхнічнымі абдрукамі. Любыя іншыя неадпаведнасьці сучаснаму правапісу пакідаліся ў аўтарскім варыянце. Некалькі разоў для связнасьці было неабходна дадаць слова ці два, што рабілася ў квадратных дужках.

Біяграфія

Галяк Леанід (31.10.1910, г. Вільня — 03.04.1980, Стэмфард, штат Канэктыкут), грамадзкі дзеяч, юрыст. Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Пад час нямецкай акупацыі жыў у Менску, працаваў юрыстам. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі. Жыў у Нямеччыне, заснаваў Беларускае бюро ў ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны. Адзін з заснавальнікаў Саюзу беларускіх журналістаў на чужыне і пэрыёдыка «Летапіс Беларускай Эміграцыі». З 1949 г. — у ЗША.

З успамінаў: «Перакладамі ў Ватэнштэце займаліся ў асноўным В. Тумаш, Хв. Ільяшэвіч і Л. Галяк. Перакладалі Свіфта ("Гулівера") і іншых пісьменьнікаў. У Л.Галяка была думка з Тумашам перакласьці Біблію на беларускую мову. І яны нейкія часткі Бібліі пераклалі. Прыехаўшы сюды, у Нью-Ёрк, яны гэтую задумку далей працягвалі. Навязалі кантакт з выдатным нашым баптысцкім дзеячом Данілам Яськом, таму што патрэбны быў для перакладу Бібліі нехта, хто б ведаў добра габрэйскую мову. І сярод баптыстых быў такі выдатны знаток усходніх моваў, гэта валыняк Марцінкоўскі. Ён быў прафэсарам ці дацэнтам Пецярбургскага ўнівэрсітэту. Марцінкоўскі згадзіўся быў узначаліць пераклад Бібліі. Але ў гэтым часе доктар Янка Станкевіч зьвязаўся таксама зь іншай групай баптыстых, і тыя яму дапамаглі. Адным словам, забралі ад Галяка і Тумаша гэтую справу і даручылі Янку Станкевічу. Такая вось была канкурэнцыя.» — Антон Шукелойць.