Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Экклезіяста 1 Кніга Экклезіяста 1 разьдзел

1 Словы Экклезіяста, сына Давыдавага, караля ў Ерусаліме.
2 Дарэмнасьць дарэмнасьцяў, сказаў Экклезіяст, дарэмнасьць дарэмнасьцяў — усё дарэмнасьць.
3 Якая карысьць чалавеку ад усяе ягонай працы, якую ён робіць пад сонцам?
4 Людзкі род мінае, а другі прыходзіць, а зямля трывае вечна.
5 Сонца ўзыходзіць і сонца заходзіць і сьпяшаецца да месца свайго, скуль узыходзіць.
6 Ідзе вецер на поўдзень, пераходзіць на поўнач, круціцца на ходзе сваім і вяртаецца на кругі свае.
7 Усе рэкі цякуць у мора, але мора не перапаўняецца: яны варочаюцца да таго месца скуль выцякаюць рэкі, каб ізноў цячы.
8 Усе рэчы ў працы: ня можа чалавек пераказаць усяго; не насыціцца вока бачаньнем, а вуха не напоўніцца слуханьнем.
9 Што было, тое і будзе; а што цяпер робіцца, тое і будзе рабіцца, — няма нічога новага пад сонцам.
10 Здараецца нешта аб чым гавораць: — глядзі вось гэта новае; але гэта ўжо было ў вякох, якія былі перад намі.
11 Няма памяці аб мінулым, ды і аб тым, што будзе не застанецца памяці ў нашчадкаў, якія будуць пасьля.
12 Я, Экклезіяст, быў каралём над Ізраілям у Ерусаліме.
13 І пасьвяціў я сэрца маё таму, каб шукаць і дайсьці мудрасьцяй усё, што робіцца пад небам; гэты цяжкі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб яны мучыліся ім.
14 Я бачыў усе справы, што робяцца пад сонцам і вось усё — дарэмнасьць і мучэньне духа.
15 Тое, што крывое, ня можа зрабіцца простым, а нястача нечага ня можа лічыцца.
16 Так думаў я ў сэрцы маім: — вось я ўзьвялічыўся і набыў мудрасьці больш за ўсіх, якія былі перада мною ў Ерусаліме, а сэрца маё дайшло да вялікай мудрасьці і веды.
17 І пасьвяціў я сэрца маё таму, каб пазнаць мудрасьць і веду, шаленства і дурноту, але я пазнаў, што і гэта мучэньне духа;
18 дзеля таго, што ў вялікай мудрасьці шмат суму, а хто павялічывае веду — павялічывае тугу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Экклезіяста, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.