1 І аглянуўся я і пабачыў усялякія прыгнёты, якія дзеюцца пад сонцам: і вось сьлёзы прыгнечаных, а пацяшыцеля ў іх няма, а ў руцэ прыгнятаючай сіла, а пацяшыцеля ў іх няма.
2 Дзеля гэтага я больш хваліў памершых, якія даўно памерлі, чым жывых, якія жывуць дагэтуль.
3 Шчасьлівейшы іх абодвух той, хто яшчэ не існаваў, хто ня бачыў благіх справаў, якія дзеюцца пад сонцам.
4 Бачыў я таксама, што кожная праца і кожны посьпех у справах выклікае заздрасьць паміж людзей. І гэта дарэмнасьць і мучэньне.
5 Дурны складае свае рукі і есьці сваё цела.
6 Лепшая горстка з пакоем, чым абедзьве горсьці з працаю і мучэньнем духа.
7 І аглянуўся я і пабачыў яшчэ другую дарэмнасьць пад сонцам:
8 чалавек самотны, нямаючы нікога, ані сына, ані брата, а працы ягонай няма канца і вока ягонае не насычаецца багацьцем, думае: — для каго-ж я працую і пазбаўляю сябе дабра. І гэта дарэмнасьць і мучэньне духа.
9 Лепш быць удвох, чым аднаму, дзеля таго, што ў іх ёсьць добрая ўзнагарода ў працы іх:
10 бо калі адзін упадзе, дык другі падыме свайго сябру, але гора аднаму, калі-б упаў, бо няма другога, хто-б яго падняў.
11 Таксама, калі ляжаць удваёх, дык цёпла ім, а як сагрэцца аднаму?
12 І калі нехта будзе перамагаць аднаго, дык удваёх утрымаюцца супроць яго. І нітка ссучаная ўтрое ня хутка рвецца.
13 Лепш бедны, але разумны юнак, чым стары і неразумны кароль, які ўжо ня ўмее прыймаць рады;
14 бо той і з вастрогу выйдзе, каб быць каралём, а гэны і ў каралеўсьцьве сваім можа зрабіцца бедным.
15 Бачыў я ўсіх жывучых пад сонцам з гэтым другім юнаком, які меўся заняць каралеўскі пасад.
16 Ня было ліку ўсяму народу, які быў перад ім, хаця нашчадкі ня будуць цешыцца з яго. І гэта марнасьць і мука духа.
17 Наглядай за нагой сваёю, калі йдзеш у дом божы і будзь больш схільны да слуханьня, чым да складаньня ахвяраў дурных людзей, бо яны ня ведаюць, што робяць блага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Экклезіяста, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.