Эклезіяста 4 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

І прыгледзеўся зноў я, і ўгледзеў уціскі ўсялякія, што пад сонцам здараюцца: і вось сьлёзы прыгнечаных, а суцешніка ў іх няма; і ў руцэ ў прыгнятальнікаў іхніх — сіла, а суцешніка ў іх няма.
 
І аглянуўся я і пабачыў усялякія прыгнёты, якія дзеюцца пад сонцам: і вось сьлёзы прыгнечаных, а пацяшыцеля ў іх няма, а ў руцэ прыгнятаючай сіла, а пацяшыцеля ў іх няма.

І прызнаў я шчасьлівымі мёртвых, якія памерлі даўно, больш, чым жывых, што дагэтуль жывуць;
 
Дзеля гэтага я больш хваліў памершых, якія даўно памерлі, чым жывых, якія жывуць дагэтуль.

а шчасьлівейшы той за абодвух, хто яшчэ не радзіўся, хто ня бачыў яшчэ ліхадзействаў, якія пад сонцам вядуцца.
 
Шчасьлівейшы іх абодвух той, хто яшчэ не існаваў, хто ня бачыў благіх справаў, якія дзеюцца пад сонцам.

І зноў я пабачыў, што ўсякая праца і посьпех усякі ў справах узаемную зайздрасьць паміж людзьмі спрычыняюць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
 
Бачыў я таксама, што кожная праца і кожны посьпех у справах выклікае заздрасьць паміж людзей. І гэта дарэмнасьць і мучэньне.

Неразумны сядзіць, склаўшы рукі свае, і жарэ сваё цела.
 
Дурны складае свае рукі і есьці сваё цела.

Лепей жменя спакою за поўныя прыгаршчы клопату і пагоню за ветрам.
 
Лепшая горстка з пакоем, чым абедзьве горсьці з працаю і мучэньнем духа.

І зірнуў я, і зноў убачыў марнасьць пад сонцам:
 
І аглянуўся я і пабачыў яшчэ другую дарэмнасьць пад сонцам:

самотнік, і ня мае нікога ён іншага: ні сына, ні брата няма ў яго; і ня мае канца ён турботам сваім, і не насыціцца вока яго багацьцем. «На каго ж я працую, і даброцяў душу сваю пазбаўляю?» І гэта — марнасьць і прапалая справа!
 
чалавек самотны, нямаючы нікога, ані сына, ані брата, а працы ягонай няма канца і вока ягонае не насычаецца багацьцем, думае: — для каго-ж я працую і пазбаўляю сябе дабра. І гэта дарэмнасьць і мучэньне духа.

Дваім лепей, чым аднаму, бо ёсьць ім добрая дзяка за іхнюю працу.
 
Лепш быць удвох, чым аднаму, дзеля таго, што ў іх ёсьць добрая ўзнагарода ў працы іх:

Бо, як адзін упадзе, падыме другі свайго сябра! Але гора таму, хто адзін упадзе, а другога няма, хто падняў бы яго.
 
бо калі адзін упадзе, дык другі падыме свайго сябру, але гора аднаму, калі-б упаў, бо няма другога, хто-б яго падняў.

Гэтак сама, як двое ляжаць, дык ім цёпла; а дзе аднаму прыгрэцца?
 
Таксама, калі ляжаць удваёх, дык цёпла ім, а як сагрэцца аднаму?

І калі б хто напаў на другога, дык выстаяць двое супраць таго. І нітка, ссуканая з трох, ня скора парвецца.
 
І калі нехта будзе перамагаць аднаго, дык удваёх утрымаюцца супроць яго. І нітка ссучаная ўтрое ня хутка рвецца.

Лепей бедны, ды разумны хлапчына, чым стары, ды неразумны цар, які рады ня слухае.
 
Лепш бедны, але разумны юнак, чым стары і неразумны кароль, які ўжо ня ўмее прыймаць рады;

Бо той зь вязьніцы выйдзе на царства, хто нарадзіўся ў царстве сваім бедным.
 
бо той і з вастрогу выйдзе, каб быць каралём, а гэны і ў каралеўсьцьве сваім можа зрабіцца бедным.

Бачыў я ўсіх жывых, што ходзяць пад сонцам, з гэтым другім юнаком, які зойме месца таго.
 
Бачыў я ўсіх жывучых пад сонцам з гэтым другім юнаком, які меўся заняць каралеўскі пасад.

Ня было ліку ўсяму люду, які быў перад ім, хоць і наступныя радасьці ў ім ня мецьмуць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!
 
Ня было ліку ўсяму народу, які быў перад ім, хаця нашчадкі ня будуць цешыцца з яго. І гэта марнасьць і мука духа.

Сачы за нагою тваёю, калі ідзеш у дом Божы, і будзь гатовы больш слухаць, чым ахвяры прыносіць; ня думаюць бо яны, што благое ўчыняюць.
 
Наглядай за нагой сваёю, калі йдзеш у дом божы і будзь больш схільны да слуханьня, чым да складаньня ахвяраў дурных людзей, бо яны ня ведаюць, што робяць блага.